35 лет вдохновения и успеха! Заслуженный любительский коллектив Республики Беларусь народный ансамбль народной музыки и песни «Житница» отмечает юбилей

Сапраўдным падарункам для жыхароў Клічава і раёна стане юбілейны канцэрт Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Жытніца», прызнанай культурнай візітоўкі Клічаўшчыны, якім калектыў парадуе гледачоў 6 лістапада ў раённым Доме культуры.
Без гэтага калектыву не абыходзіцца ні адно значнае свята ў раёне. «Жытніцу» ведаюць і за мяжой – у Літве, Латвіі, Эстоніі, Румыніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Польшчы, і вядома ж, у Расіі, дзе даўнія сяброўскія і творчыя сувязі – у Шумячах і Дарагабужы на Смаленшчыне, г. Сыктыўкары Рэспублікі Комі. Выступала «Жытніца» і ў Курску, Мурманску, Петразаводску, у складзе дэлегацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі ўдзельнічала ў міжнароднай аграпрамысловай выставе-кірмашы «Аграрусь» у Санкт-Пецярбургу. За 35 гадоў творчай дзейнасці – геаграфія абшырная, конкурсаў, фестываляў, канцэртных праграм – не злічыць!
Зараз «Жытніца» у самай лепшай пары творчага росквіту! Да сёлетняга юбілею рыхтаваліся, шукалі цікавую ідэю свята. Хацелася паказаць землякам штосьці цікавае, асаблівае, увабраўшае ў сябе народную музыку і песні, харэаграфію, фальклор, сучаснае святломузычнае сцэнічнае афармленне. Так нарадзілася канцэртная праграма «Жытніца» – 35». Ужо сёння гарачыя аматары калектыву ў прадчуванні свята. Прыадкрыем крышку аб тым завесу тайны.
Кіраўнік «Жытніцы» Уладзімір ВААКС аб юбілейным канцэрце:
– Наш калектыў доўга рыхтаваўся да гэтай падзеі. Мы пакажам на сцэне са свайго рэпертуару лепшыя кампазіцыі розных гадоў. Па традыцыі свята будзе ўрачыстастым, з удзелам ганаровых гасцей, парадуюць сваёй творчасцю нашы сябры – творчыя калектывы, у тым ліку ўзорны фальклорны калектыў «Купалачка» ДШМ г.Клічава, аматарскае этнаграфічнае аб’яданне «Вераценца.бай» РДК, народны вакальна-інструментальны ансамбль «Славянская песня» Цэнтра культуры Гомельскага раёна. Але ж захаваем інтрыгу… Запрашаем і чакаем гледачоў на свята, каб разам адзначыць юбілей «Жытніцы»!

Шляхам творчасці і натхнення
Юбілейны, 35-ы дзень нараджэння «Жытніцы», – вялікая падзея. Першы яе канцэрт адбыўся якраз на свята Вялікага Кастрычніка ў 1991 годзе. А стваралі яго ў той далёкі час пры падтрымцы кіраўніцтва УКСП «Саўгас «ДАБРАВОЛЕЦ» маладыя музыканты – муж і жонка Алена і Уладзімір Ваакс, якія і цяпер яго кіраўнікі, генератары творчых ідэй і знаходак калектыву. Ансамбль быў створаны пры Арэхаўскім сельскім Доме культуры, дзе і зараз мае «прапіску». На той час у ансамбль уваходзілі каля 20 чалавек – работнікі саўгаса, мясцовай музычнай школы, дзіцяга сада, школы, сельскай бальніцы і іншых устаноў – людзі, улюбёныя ў песню.
У 1994 годзе «Жытніцы» прысвоена ганаровае званне «народны», у 2010 годзе – «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» – гэта афіцыйнае прызнанне высокага мастацкага ўзроўню, майстэрства і значнага ўкладу ў папулярызацыю народнай музыкі і песні, развіццё культуры і мастацтва.

Алена Ваакс дзеліцца сакрэтамі поспеху:

– З самага пачатку і дагэтуль у нашым рэпертуары народная музыка і песні, бо гэта ўсё роднае для кожнага, ад матулі, ад самай калыскі. Народная музыка – найпершаснае, таму і інструменты ў нас – скрыпка, цымбалы, баян, гуслі беларускія, духавыя інструменты – жалейкі, дудкі, акарына, балалайка, кантрабас, народныя ўдарныя інструменты. Беларуская песня і народная творчасць гледачу цікавыя. Мы заўсёды імкнёмся з добрага зрабіць лепшае, укласці душу і працаваць па максімуму. Інакш поспеху не даб’ешся, – прызнаецца Алена Міхайлаўна.
Сёння артысты «Жытніцы» – прафесійныя музыканты, работнікі культуры раёна, адсюль і непаўторнае сугучча і гармонія. У апошнія гады ў калектыў ўліліся новыя таленты, вядомыя ў раёне работнікі культуры – Алена КАЛЯЧКА (баян), салісткі Наталля КОКТЫШ і Вераніка КІРПЛЮК. Ёсць у калектыве людзі, для якіх «Жытніца» ужо доўгі час неад’емная частка іх уласнага лёсу. З гэтай кагорты Аляксандр КАЎШЫРКА (балалайка, кантрабас), Наталля ПОЛАЗ (салістка, духавыя народныя інструменты), Вольга ДЫМАВА (цымбалы) і іншыя. Кожны, хто быў на канцэрце «Жытніцы», звярнуў увагу на незвычайны музычны інструмент – колавую рылю (колёсная лира) – старадаўні струнны інструмент Беларусі. Нямала гадоў таму Уладзімір Ваакс упершыню яго ўбачыў у легендарных «Песняроў» і загарэўся мець такі ж. Калі з’явіліся магчымасці інтэрнэт-прастора, павучыўся і сам зрабіў гэты інструмент, які і сёння служыць, радуе ўнікальным гучаннем, меладычнасцю.
Кожнае выступленне «Жытніцы» – яркае і маляўнічае відовішча. І не апошнюю ролю тут адыгрываюць сцэнічныя касцюмы. У калектыва іх два камплекты. Алена Міхайлаўна расказвае, што касцюмы зроблены на Мінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Выкананы з усімі асаблівасцямі Магілёўскага строю, комплексу беларускага народнага адзення, які быў пашыраны ў розных рэгіёнах Прыдняпроўскага краю. Галоўны акцэнт у касцюмах зроблены на багаты геаметрычны арнамент, выкананы пераважна чырвонымі і чорнымі ніткамі. І гэта не проста прыгожае сцэнічнае адзенне, а прадуманы вобраз, які ў сукупнасці з музыкай і песнямі ўвасабляе традыцыі народнага мастацтва. Істотна: канцэртныя касцюмы «Жытніцы» набыты з далявым удзелам УКСП «Саўгас «ДАБРАВОЛЕЦ», які неаднаразова з’яўляўся і спонсарам паездак ансамбля «Жытніца» Арэхаўскага СДК на значныя культурныя форумы.
Знак адзінства і роднасці
У жыцці і творчасці глядзець у адным накірунку. У гэтым Алене і Уладзіміру Вааксам шчасціць. Яны ў міры і згодзе крочаць разам па жыцці ўжо 37 гадоў, іх багацце – сям’я, а «Жытніца» – галоўны творчы здабытак. З іх творчага тандэндэму і пачаўся шчаслівы шлях ансамбля. І зараз гэта актыўная, натхнёная праца двух кіраўнікоў калектыву. Уладзімір Георгіевіч – мастацкі лідар, носьбіт музычнай канцэпцыі, які аб’ядноўвае ўдзельнікаў у адно творчае цэлае. Алена Міхайлаўна – гэта актыўная праца з людьмі, цёплая атмасфера ў калектыве, падбор рэпертуару і пастаноўка канцэртных праграм. «Жытніца» для Вааксаў – гэта частка іх жыцця і сямейнае рамяство. Іх сыны Арцём і Георгій літаральна выраслі на сцэне, з маленства выступалі разам з бацькамі. Цяпер у складзе ансамбля адразу пяцёра прадстаўнікоў дынастыі музыкантаў Ваакс: Алена і Уладзімір, іх старэйшы сын Арцём і нявестка Вольга. А самы мілы артыст – трохгадовы ўнучак Цімафей, калі ён у беларускім нацыянальным строі на сцэне, раўнадушных няма!
На ўсіх канцэртных праграмах мы горача вітаем і дуэт скрыпачоў-віртуозаў Уладзіміра і Арцёма Вааксаў. А сямейны ансамбль «Ваакс» – удзельнік мноства міжнародных і беларускіх этнафестываляў. Сёлетні год для «Жытніцы» багаты на падзеі. Калектыву – 35! А рэгіянальнаму фестывалю традыцыйных культур малых гарадоў «Кліч над Вольсай» – 5! Уладзімір Ваакс, на той час начальнік адддела культуры райвыканкама, – ініцыятар і аўтар ідэі стварэння гэтага культурнага брэнду нашай зямлі. Дзякуючы фестывалю наладжаны культурныя сувязі з творчымі калектывамі з розных куточкаў Беларусі і многіх рэгіёнаў Расіі. І перспектывы шырокія!
А яшчэ «Жытніца» сёлета была госцем папулярнага музычнага тэлешоў «Добры вечар» на тэлеканале «Беларусь-1» з вядучым, беларускім спеваком Тэа (Юрый Вашчук), прымала ўдзел у IX міжнародным форуме «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства», музычная група калектыву зрабіла яркае прадстаўленне Клічаўскага раёна пад час адкрыцця сёлетніх абласных «Дажынак» у Шклове, удзельнічала ў мностве канцэртаў і фестываляў.
Ад першай асобы
Наталля Мікалаеўна Полаз:
– Я хачу сказаць нашай «Жытніцы» шчырае дзякуй за тое, што яна ёсць, што столькі год радуе гледачоў сваёй творчасцю. Наш ансамбль для мяне важная частка жыцця, маё натхненне і любоў. Тут я забываюся пра ўсе турботы і складанасці, тут я не настаўнік ДШМ, а вакаліст і выканаўца. Кожны чалавек у нашым калектыве – гэта родная душа, тут адчуваеш падтрымку і разуменне, а сцэна – гэта тое месца, дзе мы адно цэлае. Я шчаслівая быць часткай гэтай таленавітай сям’і аднадумцаў. Віншую сваю дарагую «Жытніцу» з юбілеем! Зычу шчаслівага творчага лёсу, лёгкага творчага пошуку, падчас выступленняў – эмацыянальнага пад’ёму, кантакту з гледачом і гарачых апладысментаў!

Тэкст: Ніна ІЗОХ.








