Каляда на дубе – хлеб і шчасце будзе!

Працуй  рупліва,  святкуй  гулліва,  але  на  ўсё  пару  ведай.

Беларуская  народная  прымаўка.

Замест  уступу

З  даўніх  часоў  Сонцу,  як  адзінай крыніцы  цяпла  і  жыцця на  Зямлі,  розныя  народы  надавалі  пэўнае  значэнне:  па  Сонцу  звяралі  час,  да  яго  поўнага  кругазвароту  вакол  Зямлі  прымяркоўвалі  гадавыя  календары,  а  ў  нашых  продкаў-язычнікаў  сонейка ўвогуле  ўшаноўвалася  як  адно  з  галоўных  Бостваў.
Перыяду  зімовага  сонцастаяння  надавалася  значэнне  часу,  калі  пачынаў  адраджацца  на  новы  віток  жыцця  Бог-Сонца.  І  сапраўды,  з  гэтага  часу  павя-лічваўся  дзень,  сонейка  з  кожным  днём  усё  вышэй  падымалася над  гарызонтам,  набліжала  вясновае  жыццё,  адраджэнне  прыроды,  якіх   з  надзеяй  чакалі  славяне-земляробы.  У гэты  час  у  гонар Бога-Сонца  ў  народзе  праводзіліся  розныя  ўрачыстасці  і  святкаванні,  якія  ў  славян  замацаваліся  пад  агульнай  назвай – Каляды.
Язычніцкія  Каляды  не  мелі  дычынення  ні да  католікаў,  ні  да  праваслаўных.  24  снежня (па новым  стылі  6  студзеня)  нашы  продкі  сустракалі  Каляду,  хутчэй  за  ўсё  Божую  Маці  Сонца.
Аб  гэтым  спявалася  ў абрадавай  песні:
Прыехала  Каляда  на  белым  кані.
Яе конік – ясен  месячык,
Яе  дужачка – ясна  зорачка,
Яе  пужачка – ясна  звёздачка,
Яе  вазочак – з  тонкага лядку,
Яе  кажушочак – з белага  сняжку….
Гэты  вечар  у  народзе называюць  “багатай  куццёй”, бо  на  стале  шмат страў.  Але  ўсе  стравы  на  першую  куццю  посныя.  Другая  куцця  адзначалася  на  шчодры  вечар,  якраз  на  Стары  Новы  год,  і  вызначалася  не  толькі  багаццем  страў,  але  і  вялікай  колькасцю  скаромнай  ежы – смажанага  і  вэнджанага  мяса,  каўбас  і  іншых  прысмакаў.  І  сама  каша – куцця  – на  стол  падавалася  з  маслам  або  мясам.
18 студзеня  беларусы  спраўлялі  трэцюю  куццю,  “посную”,  або  “водапусную”.  У  гэты  вечар  гаспадар  адчыняў  дзверы  і  праз  парог  тройчы  клікаў:  “Мароз,  мароз,  хадзі  куццю  есці”.  Мароза  імкнуліся  задобрыць,  каб  “сцішыў  свой  сярдзіты  нораў”.   Да  гэтай,  трэцяй  куцці  ў  вёсках  заканчвалася  і  хаджэнне  калядоўшчыкаў.
У  многіх  рэгіёнах  Беларусі  на  гэтым  Каляды  заканчваліся.  У некаторых  жа  мясцінах   яны  завяршаліся  21  студзеня  абрадам  “Цягнуць  Каляду  на  дуба”.
…Каб  нам  калядак  нядзель  з  дзясятак,  нашы  б  пралачкі  настаяліся,  а  мы  б,  дзевачкі,  нагуляліся…
З  каляднай  песні.
Вечарам  21  студзеня фае  раённага   Дома  культуры  пераўтварылася  ў  самабытную  вясковую  хату,  святочна  прыбраную,  з  прадметамі  сялянскага  побыту,  з імправізаванай  печчу. Беларусы – народ  гасцінны,  таму  і  зараз  шматлікіх  гасцей  сустракалі  тут  з  музыкай  і  песнямі.  Што  за  свята  надарылася  ў  будні  дзень?  Работнікі  культуры  запрасілі  жыхароў  горада  і  яго  гасцей  на  стылізаваны  абрад  “Каляду  на  дуба”.
І  свае  абяцанні  спраўдзілі:  было  весела  і  цікава,  усе  быццам  на  дзівоснай  машыне  часу  патрапілі  ў  мінулае.  Яскрава  адчуць  яго  подых  дапамаглі  беларускія  абрадавыя  калядныя  песні  ў  выкананні   ансамбля  “Крыніца”  РДК.  Дзяўчаты  і  ўсе  жадаючыя  рабілі   абрадавую  ляльку-Каляду.  Займаліся таямнічай  справай  і  нечага  чакалі.  Мо  цуда?  Так  яно  і  здарылася!  Кожны  адгукнуўся  на  прапанову  вядучай  загадаць  жаданне  і  завязаць  на  драўлянай  баране  каляровую  стужачку – каб  збылася  замова  на  самае  жаданае! Аказваецца, і   моладзь,  і  сталыя – у  душы  дзеці!
А  далей  лялька  “паплыла”  па крузе  карагода  ўдзельнікаў  абраду.  Толькі  і  чуецца  ў  зале  ад  кожнага:  “Каляду  на  дуба!”  Абышоўшы  ўсіх,  яна  нарэшце  па-трапіла  да  “бабулі”  з  кашай — куццёй.  Цяпер  шлях  усіх  – у  гарадскі  парк.  І  тут  таксама  трэба  пець,  весяліцца  і  танцаваць,  бо  чым  лепшы  настрой  у  час  провадаў  Каляды,  тым  лепшым  год  будзе.  І  людзі  падхапілі  такі  заклік.  Гуртам  шумна  і  весела  рушылі  на  вуліцу,  пасадзілі  “бабку”  з  Калядой  на  барану  ў  вазочак  (добра,  што  снег  якраз  выпаў)  ды  павезлі  з  песнямі,  з  музыкай  заліхвацкай па  цэнтральнай  вуліцы  – Ленінскай.  Часам  прыпыняліся  і  ўсе  дружна  крычалі:  “Гу-у-у-у,  Каляда  на  дуба,  гу-у-у-у!!!”
Працягвалася  дзейства ў  гарадскім  парку. Ляльку-Каляду  прымацавалі  на  драўляную,  увабраную  стужкамі  барану,  а  маладыя  хлопцы  ўзнялі  яе  на высокае  дрэва,  каб  сядзела  Каляда  высока  і  садзейнічала  багатаму  ўраджаю.  Далей  карагоды  вакол  дрэва  па  ходзе  сонца  вадзілі,  песні  спявалі,  куццёй  частаваліся.   Хто   хацеў  заклікаць поспех  у  сваё  жыццё –  абдымаў  тое  дрэва  і  штосьці  патаемнае  прасіў  для  сябе.  А  вось  і  сапраўды  збудзецца?!
Паабяцаўшы  Калядзе  вярнуцца  да  яе  ў  наступным  годзе,  усе  рушылі  ў  раённы  Дом  культуры.  Там  іх  чакалі  выдатныя  музыкі,  у  тым  ліку  і  ўдзельнікі  інструментальнага  ансамбля  “Вечарына” РДК  (кіраўнік  Лілія  Бакалава).  І  была  цудоўная  вечарынка  з  майстар-класам  па традыцыйных  танцах  Клічаўшчыны.  Многія  пусціліся  ў  скокі:  і  хто  ўжо  ўмее  іх  танчыць,  і  той,  хто  толькі  вырашыў  паспрабаваць  сябе  ў  гэтай  адмысловай  справе.  Полька,  кадрыля,  лысы,  падыспань  і  інш.,  розныя  гульні  нашага  краю  –  усё  гэта    падарыла  прысутным  у   гэты  вечар  непадробную  радасць,  дапамагло  па-новаму  зірнуць  на  сваіх  землякоў  і  сябе,  спасцігнуць   цудоўныя  імгненні.
Кампетэнтна  аб  важным  – з  вуснаў  кіраўніка  аматарскага  клуба  “Калагод”  РДК    Жанны  Ачыновіч:
– Мы зрабілі  стылізаваны  абрад,  падрыхтаваны  па  матэрыялах  шматлікіх  этнаграфічных  экспедыцый, якія  праводзілі  ў  розных   населеных  пунктах  раёна  ў 1975-м  годзе  навукоўцы  Акадэміі  Навук  БССР,  у  2011  годзе  – сябры Мінскага  студэнцка-этнаграфічнага  таварыства,  а  таксама  гэта  вынік  работы   аматарскага   клуба  “Калагод”. Усе  звесткі  аб  гэтым  абрадзе  запісаны  ад  носьбітаў  фальклору – старажылаў  раёна,  і  з’яўляюцца  ўнікальнымі.  Напрыклад,  калядныя  песні  ў свой  час  запісаны  з  вуснаў  Вольгі  Іванаўны Дуравай  з  Гончы,  Ганны  Іванаўны  Татур  з  Каўбчанскай  Слабодкі.  Па  драбніцах мы  збіралі  звесткі  ў жыхароў   Закуплення,  Сушы, Коўбчы,  Клі-чаўскіх  Пасёлкаў,  Вострава,  Доўгае  і  іншых.  Важна,  што  ў  кожнай  вёсцы  раёна  – свой  варыянт  выканання  абраду.  А  гэта  ўказвае  на  яго аўтэнтычнасць  і  архаічнасць.  Так,  дрэва  з  Калядою  абдымалі  ў  Залічынцы,  у  Віркаве  ляльку-Каляду  рабілі  з  жытнёвага  снапа.  У  Будневе,  калі  везлі  бабку  з  Калядою  і  куццёю,  людзі  імкнуліся  за-прасіць яе  ў  госці, бо  лічылася,  што  яна  за  сабой  прывядзе  дабрабыт  і  шчасце  ў  двор  гаспадароў.  Вазочак  жа  цягнулі  тыя,  хто  хацеў  уступіць  у  шлюб.
Але  паўсюль  абрад  “Цягнуць  Каляду  на дуба”  завяршаў  калядныя  гулянні.  Нашы  продкі  верылі:  зацягнулі  Каляду  на  дуб ( часам  іншае дрэва) – будзе  добры ўраджай.  А дрэва  збірала  ўсю  энергетыку  і  потым  абараняла  жыхароў  ад  нячысцікаў,  давала  ім  моц,  шчасце,  здароўе.
А  нам, удзельнікам  свята,  хацелася  б  выказаць  шчырую  ўдзячнасць    асабіста  Жанне  Ачыновіч,  метадысту  РДК  Тамары  Астроўскай,  музыкантам  “Вечарыны”,   удзельнікам  клуба  “Калагод”  і  ансамблю  “Крыніца”,  кіраўніку  народнага  аматарскага  аб’яднання  “Праца.  Творчасць.  Ініцыятыва”  Анатолю Коўрыку  і  ўсім  арганізатарам  мерапрыемства.  Прыемна,  што   і  ў  век  камп’ютарных  тэхналогій  спадчына  продкаў  жыве.  І  нам  хочацца  ведаць  яе, каб  перадаць  сваім   нашчадкам,  бо  гэта  крыніца   духоўнасці  беларусаў.

Ніна  ІЗОХ.

Последние новости

НОВОСТЬ ДНЯ

Председатель Кличевского районного Совета депутатов Наталья Владимировна Грешилова приняла участие во встрече с председателем Совета Республики Национального собрания Республики Беларусь Натальей Ивановной Качановой

29 мая 2026
Читать новость
НОВОСТЬ ДНЯ

Белстат подсчитал, сколько детей живет в Беларуси — назвали даже топ по именам

29 мая 2026
Читать новость
ИМНС информирует

1 июня 2026 года истекает срок уплаты подоходного налога!

29 мая 2026
Читать новость
МЧС информирует

На улице Первомайской в Кличеве горела баня

29 мая 2026
Читать новость
НОВОСТЬ ДНЯ

Лукашенко призвал страны ЕАЭС к более тесной кооперации в сфере искусственного интеллекта

29 мая 2026
Читать новость
Молодёжь

Десять дней в роли новобранцев проведут кличевские школьники

29 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем