«Дарога да святыняў» посетила Кличев

Трэцяга верасня наш раён упершыню сустракаў удзельнікаў Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў», якая па традыцыі праходзіць напярэдадні Дня беларускага пісьменства. У 33-ці раз удзельнікі навукова-асветніцкай экспедыцыі адправіліся ў дарогу па розных гарадах. У гэтым годзе іх шлях пралягаў праз Клічаў, Бабруйск, Магілёў, Горкі, Мсціслаў, а галоўнай кропкай на карце для ўдзельнікаў экспедыцыі сталі Касцюковічы – горад, які ў гэтым годзе стаў цэнтрам прыцягнення для пісьменнікаў і паэтаў са ўсёй краіны, бо менавіта тут на працягу двух дзён – 5-6 верасня – прайшло свята Дня беларускага пісьменства.
Клічаўшчына сардэчна вітала гасцей непадалёку ад аграгарадка Коўбча. Тут іх сустрэлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля ГРАШЫЛАВА, намеснік старшыні Клічаўскага райвыканкама Галіна ДАНІЛКІНА, нашы таленавітыя артысты – ансамблі «Жытніца» і «Купалачка», жыхары вёскі і іншыя. Вітаючы гасцей, Галіна Пятроўна заўважыла, што Клічаўскі раён славіцца свамі традыцыямі і гісторыяй, беражліва адносіцца да духоўнай спадчыны і таксама з’яўляецца Радзімай для немалай колькасці паэтаў і пісьменнікаў. Яна падзякавала ўдзельнікам экспедыцыі за тое, што наведалі наш раён, а пасля ім урачыста быў перададзены каравай як сімвал гасціннасці, міру і дабрабыту, а таксама мяшочак з клічаўскай зямлёй. Трэба звярнуць увагу, што ў кожнай кропцы свайго следавання ўдзельнікі экспедыцыі бяруць святую беларускую зямлю, якую апасля дасыпаюць у спецыяльную тубу і абавязкова падсыпаюць яе ў лункі пры пасадцы дрэў. І зараз клічаўская зямля разам з экспедыцыяй будзе падарожнічаць па ўсёй Беларусі.
Пасля сустрэчы ля Коўбчы ўдзельнікі навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» накіраваліся ў Клічаў. Яны прывезлі з сабой Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга і Загор’е-Сталавіцкую цудатворную ікону Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Ад магазіна «Вольса» ўдзельнікі экспедыцыі хрэсным ходам прайшлі па цэнтральнай вуліцы горада да Благавешчанскага храма, спяваючы на ўсім сваім шляху царкоўныя песні. Дарэчы, да іх далучылася шмат веруючых Клічаўскага раёна. У скверы па вуліцы Пралетарскай, што побач з храмам, чын ліціі па загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны правялі настаяцель Благавешчанскага храма протаіерэй Сергій АНДРЭЕЎ і протаіерэй, настаяцель храма Св. Міколы Цудатворцы в. Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна, галоўны захавальнiк Благадатнага Агню ад Гроба Гасподняга на маршруце Аляксандр ПАЧОПКА. Памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання, а пасля да помнікаў леглі яркія чырвоныя гваздзікі…
У Благавешчанскім храме адбыўся малебен і перадача Благадатнага агню на свечкі прыхаджан. Акрамя таго, кожны мог прысланіцца да Загор’е-Сталавіцкай цудатворнай іконы Пакрова Прасвятой Багародзіцы і папрасіць яе аб міласці Божай і дапамозе. Апасля малебну каля храма ўдзельнікі экспедыцыі расказалі аб яе стварэнні і мэтах, аб людзях, якія шмат зрабілі для яе, прадэманстравалі фотаздымкі, зробленыя ў розных куточках Беларусі, і прачыталі вершы. А ў знак свайго візіту на Клічаўшчыну яны разам з прадстаўнікамі нашага раёна высадзілі на прыхрамавай тэрыторыі Сад Малітвы, які заўсёды будзе напамінаць аб гэтым найважнейшым дні.
Па традыцыі ўдзельнікі экспедыцыі падчас свайго візіту наведалі ўстановы адукацыі, культуры і сацыяльнага напрамку. Гасцей сардэчна віталі ў школах, бібліятэцы, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і іншых арганізацыях. Народныя артысты, члены Саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі, навуковыя супрацоўнікі, паэты і пісьменнікі дзяліліся творамі, расказвалі пра сваю асветніцкую місію, важнасці захавання гістарычнай памяці і сувязі духоўнасці з культурай, чыталі вершы і спявалі песні пра роднае слова, бацькоўскі край і духоўныя вытокі чалавечага жыцця, а таксама абменьваліся думкамі па многіх пытаннях. Дарэчы, не абышлося і без памятных падарункаў і сувеніраў, якімі абмяняліся госці і жыхары раёна. Напрыклад, бібліятэчны фонд цэнтральнай раённай бібліятэкі Клічава ўзбагаціўся новымі выданнямі з аўтографамі аўтараў і гасцей экспедыцыі.
Напрыканцы свайго візіту ўдзельнікі Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» наведаліся ў Клічаўскі краязнаўчы музей, дзе даведаліся пра багатую гісторыю нашага раёна, пачулі легенды і паданні, звязаныя з Клічаўшчынай, сваімі вачыма ўбачылі ранейшы быт жыхароў беларускай вёскі, пазнаёміліся з іконамі, прадстаўленымі ў музеі, таксама госці з вялікім інтарэсам слухалі расказ дырэктара музея Юліі ЛЫЗО аб слаўным баявым мінулым нашага партызанскага краю, яго прыродных багаццях і дасягненнях сучаснасці.
А пасля ў выставачнай зале музея ўдзельнікі экспедыцыі і клічаўляне абмяняліся думкамі і высказалі свае ўраджанні. Дарэчы, як адзначыў кіраўнік экспедыцыі, галоўны захавальнік цудатворнай
Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы на маршруце, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр ЛАПАТА-ЗАГОРСКІ, Клічаўскі раён для ўдзельнікаў экспедыцыі стаў сапраўдным і вельмі прыемным адкрыццём. «Мы абавязкова вернемся сюды яшчэ не раз», – падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч. У музеі ўдзельнікі праекта таксама раскрывалі свае таленты – чыталі вершы, пелі песні, якія, здавалася, краналі душы кожнага слухача.
Цудоўны дзень падышоў да свайго завяршэння. Нашы госці направіліся далей па намечаным маршруце, і з гасціннай клічаўскай зямлі яны забралі з сабой не толькі яркія ўспаміны і фотаздымкі, але і памятны сувенір, які будзе напамінаць аб цёплай сустрэчы і Клічаўскім раёне – карціну з выявай Клічава Аляксандру Лапата-Загорскаму ўрачыста ўручыла старшыня дэпутацкага корпуса раёна Наталля Грашылава, падзякаваўшы за ўвагу да нашага раёна. Словы падзякі і божага благаславення ўдзельнікам экспедыцыі прагучалі ад протаіерэя Сергія Андрэева.
Тэкст і фота: Вольга ЛАПКО.


















