Традиционный обряд «Куры» провели в Кличевском районе

«Эй, куры, куры, не пейте рана!…» – раздавалася 13 студзеня па вуліцах Клічава. Гэта ўзорны фальклорны ансамбль «Купалачка» праводзіў дзіцячы калядны абрад «Куры» – адзіны, які захаваўся ў Беларусі.
Дарэчы, убачыць абрад «Куры» на Клічаўшчыне можна толькі раз у год, менавіта ў гэты дзень, і толькі да заходу сонца, а ўдзельнічаюць у ім выключна дзяўчаткі да 14 гадоў.
Кожны, стары ці малы, хто трапляўся ім па дарозе, усміхаліся, радаваліся і дзівіліся такой сустрэчы. Бо быццам сама мінуўшчына завітала ў наша мітуслівае сёння. Ды і сапраўды цуда! Дзяўчаткі ў самабытных нацыянальных строях, з каляднай зоркай і іконкай Божай Маці заходзілі ў двары клічаўлян, стукаліся ў вокны, спявалі гаспадарам традыцыйную абрадавую песню «Куры, куры». А тыя ў знак падзякі частавалі «куранят». Галоўны пачастунак – бліны, а пасля ўжо па жаданні салодкасці, каўбасы, сала і іншае.
Дарэчы, у 2013 годзе ўнікальны дзіцячы калядны абрад «Куры» Клічаўскага раёна ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Сваімі думкамі падзяліліся ўдзельніцы ўзорнага фальклорнага калектыву «Купалачка»
ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Клічава».
Васіліса ДРЭНЬ:
– Я з ліку старэйшай групы ўдзельніц «Купалачкі» і ўжо нямала гадоў займаюся тут фальклорам. Нам вельмі падабаецца спяваць аўтэнтычныя беларускія песні, наша мілагучная беларуская мова, нашы этнаграфічныя касцюмы. Мы апранаем іх і калі ідзём калядаваць у дзіцячым абрадзе «Куры». Мы рады, гэта надзвычай прыгожа, адразу становімся асаблівымі, адрозніваемся ад сваіх аднагодкаў, нібы на машыне часу пераносімся ў пакаленне нашых маладзенькіх прабабулек. Усё, чым мы займаемся ў «Купалачцы», – проста здорава! Вельмі хачу, каб уся гэта прыгажосць, беларуская ўнікальнасць не знікла, а захавалася!
Анастасія АСТАПЧУК:
– У «Купалачцы» я займаюся ўжо 6 гадоў. Мы вывучаем беларускія абрады, вучым старадаўнія беларускія песні, развучваем побытавыя танцы і гульні, шмат рэпеціруем, выступаем на розных сцэнах, не толькі тут дома, але і на рэспубліканскіх, міжнародных фестывалях. І заўсёды маем поспех! «Абрад «Куры» вельмі прыгожы, лічу, нават нейкі ўтульны, а песні тут меладычныя, у якіх услаўляем гаспадароў, жадаем ім шчасця і дабрабыту. Людзі нас заўсёды сустракаюць з усмешкамі, радасцю, яшчэ не было такога, каб у адказ нас не пачаставалі. Прыемна дарыць свята!
Як расказала нязменны кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву «Купалачка» ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Клічава» Наталля КОКТЫШ, старажытны абрад «Куры» бытуе ў населеных пунктах нашага краю. Запісаны ён ад мясцовых носьбітаў фальклору пад час краязнаўчых экспедыцый. Яшчэ перад вайной жыхары вёсак Орліна, Віркаў, Нясяцкай зямлі, Дзмітраўкі хадзілі калядаваць. Дзеці «куры» не апраналіся ў казу ці мядзведзя, а былі ў прыгожых нацыянальных строях, хустках, з кошыкам, заходзілі ў двары аднавяскоўцаў і пелі гаспадарам святочныя песні.
– Абрад «Куры» перадаём сённяшнім дзецям, а значыць ён жыве і будзе жыць надалей. Наша задача – у наш век цыфравізацыі, калі ўсё даступна, у моладзевым асяродку пануе свая сучасная мода, захаваць беларускую нацыяльную культуру, прыгажосць нашых абрадаў і традыцый, нашых этнаграфічных строяў. У іх нашы дзяўчаткі – такія ж прыгажуні, як некалі і іх юныя прабабулі. Дарэчы, касцюмы калектыву – гэта ручная работа, цудоўная багатая вышыўка на іх зроблена рукамі мясцовых майстрых, удзельніц «Купалачкі», якія ўжо сталі дарослымі, рукамі іх маці. І важна тое, што цяперашнім юным артыстам калектыву ўсё гэта сапраўды вельмі падабаецца, гэта ўжо іх неад’емная частка. Таму спадчыне нашых продкаў – жыць! – адзначыла Наталля Коктыш.
У чэрвені 2026 года ўзорны фальклорны калектыў «Купалачка» адзначыць свой 30-гадовы юбілей! Кожная сустрэча з калектывам – заўсёды яркая і незабыўная падзея. Кожнае выступленне кранае да глыбіні душы гледачоў, землякоў усіх узростаў. За гады існавання калектыў прывіў сваім выхаванцам розных пакаленняў любоў да роднай матчынай мовы, звычаяў і традыцый сваго народа. Сёння ў ім займаюцца ўжо дзеці былых выхаванцаў, дарэчы, каля дзесяці з іх абралі сваёй прафесіяй галіну культуры і мастацтва.
Аб тым, што моладзі цікавы фальклор, спадчына свайго беларускага народа, гаворыць і такі факт: калектыў некалі пачынаўся з 12 удзельнікаў, а сёлета ў ім 50 дзяўчынак і хлопчыкаў ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў. У рэпертуары «Купалачкі» каля 50 абрадавых песень і танцаў, ёсць адроджаныя абрады Клічаўшчыны і Прыдняпроўскага краю. Напрыклад, «Лука» – велікодны карагод на 3-ці дзень свята (бытаваў толькі ў вёсцы Усакіна). Зараз калектыў рыхтуе вялікую абрадавую, гульневую праграму Масленічнага тыдня, якую хутка прадставіць на суд гледачоў.
Шчырае дзякуй табе, «Купалачка»! Творчых поспехаў і натхнення!

















