Замест пусткі – аазіс!
У гэтым аазісе гармоніі прыроды – альпійскія горкі і клумбы, на якіх, як толькі сыйдзе снег, пяшчотна ўспыхваюць плямкі першых красах вясны – лясных пралесак з сіне-фіялетавымі пялёсткамі. “Эстафету” у іх перахопліваюць нарцысы і цюльпаны, прымулы і чаромха і безліч усялякіх кветак, якія цвітуць да позняй восені. Тут “пасяліліся” каля возера (ванны) царэўна-жаба, грыбы, на буслянцы – сямейка белакрылых птушак, іншыя драўляныя скульптуры.
А стварылі гэты ўтульны зялёны куточак пад вокнамі сваёй добраўпарадкаванй гарадской кватэры, што на першым паверсе 5-павярховага дома, клічаўляне Анатоль і Наталля Доўгія. З тыльнага боку будынка, дзе звычайна пустка. Паставілі добрую агароджу ад коз ды курэй (побач жа “город” хлявоў), распрацавалі цаліну і добраўпарадкавалі, засеялі кветкамі, дэкаратыўнымі кустамі, малымі архітэктурнымі формамі.
У добрае надвор’е тут, на вольным паветры, любіць адпачываць уся сям’я, у якой растуць дзеці Сяргей і настачка. Раздолле і любімцу беласнежнаму кату Жасміну, марской свінцы і блакітным папугайчыкам – агульным любімцам. А яшчэ да гэтага мікраклімату выдатна прыстасаваліся азёрныя смаўжы (уліткі) – куклянкі, якія добра перазімавалі на двары. На цёплых далоньках дзяцей яны павольна вылазяць са сваіх домікаў-ракавінак і цікава асвойваюць наваколле вусікамі-антэнамі на галаве. Займальна і для дарослых, не толькі для малых. А дзецям на такой “сядзібе” надзвычай падабаецца: і пагуляць, і папрацаваць каля кветак з бацькамі, і пачаставацца духмяным чаем. Бойкая, гаваркая шасцігадовая Насця ў выдатным настроі. Радуецца сонейку, сямейнаму цяплу.
–Вось зірніце, — стракоча малая. – Гэтыя буслы – наша сям’я: тата, мама і мы з братам.
Гляджу на дзяўчынку-гарэзу і таксама радуюць: і за яе, і за тую прыгажосць, якая створана з такой любоўю працавітымі рукамі гаспадароў. Усім на радасць!