“Адукацыя – скарб, праца – ключ да яго”
– такую думку выказаў у свой час П. Бауст. Магчыма, не ведуючы гэтага выказвання, але цвёрда прытрымліваецца такога прынцыпу кожны школьнік і студент, які жадае дасягнуць сваёй мэты. Вучоба – гэта карпатлівая, сур’ёзная праца, пастаянны працэс паглыблення ведаў і самаўдасканальвання.
Такія прыарытэты паставіў для сябе і вучань 9″А” класа СШ № 1 г. Клічава Андрэй Мацюшонак. Яму 15 гадоў, а мэтанакіраванасці можа па-добраму пазайздросціць і іншы дарослы чалавек.
Па 16 школьных прадметах у яго сярэдні рэйтынг паспяховасці 9 балаў. Расказвае, што больш падабаюцца матэматыка, інфарматыка, англійская мова. Але “канёк” юнака – руская мова і літаратура, якія з пятага класа выкладае ў іх Алена Васільеўна Калашнікава. Уцешна, што і ў век камп’ютэрных тэхналогій высокая паэзія А. Пушкіна і Ю. Лермантава, А. Фета і М. Цвятаевай ўсё гэтак жа любімыя і запатрабаваныя. А філалагічныя здольнасці Андрэя бясспрэчныя. З першага знаёмства кідаецца ў вочы яго выхаванасць, высокая культура мовы, а гэта, бясспрэчна, паказчык адукаванасці, начытанасці.
Выдатныя веды пацвердзіў ён і ў сёлетніх прадметных алімпіядах. Па выніках удзелу ў абласной алімпіядзе па рускай і мове, і літаратуры ён заняў адно з чатырох першых месцаў і ўзнагароджаны Дыпломам І ступені.
А не так даўно Андрэй прыняў удзел у рэспубліканскай алімпіядзе, якая праходзіла на працягу некалькіх дзён у горадзе Гродна. Рэзультат – са 100 магчымых балаў па рускай мове і літаратуры ён набраў 75,5 балаў. У выніку Андрэй Мацюшонак займеў 5-ы рэйтынг у рэспубліцы (па 4-ы – уключна І месца) і ўзнагароджаны Дыпломам ІІ ступені.
Яшчэ адна ўзнагарода ў агульную скарбонку вучняў СШ № 1. Фотаздымкі лепшых з іх размешчаны на стэндзе “Імі ганарыцца школа”. Па працы і пашана.
Н. ІЗОХ