Пра тых, хто прысягнуў на вернасць Клічаўскаму полю

Лёгкага хлеба не бывае. Гэта сцярджэнне не патрабуе доказу. Убраць ураджай да зярнятка – гэта цяжкая, карпатлівая праца. Белы хлеб, ён жа чорныя рукі любіць. Чорныя – ад ворыва, ад бясконцай работы ў полі. Але ж работа аграрыяў чыстая па сваім прызванні, па сэнсе сваім…
Хлебароб – гэта прызванне, вобраз жыцця, які патрабуе поўнай самааддачы. Такіх людзей нямала і ў калектыве КСУП «Бацэвічы», у якім зараз 142 чалавекі. І яны – гордасць сельгаспрадпрыемства і раёна.
На раённым свяце, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі, будуць і прадстаўнікі гэтага сельгаспрадпрыемства, якія ў ліку пераможцаў раённых спаборніцтваў.
Поспехі шэрагу трактарыстаў-машыністаў КСУП «Бацэвічы» – пацверджанне іх высокага прафесіяналізму і адданасці сваёй справе. Так, у раённым спаборніцтве Віктар Аляксеевіч ШЧАГЛОЎ заняў 2-е месца на ворыве глебы пад яравую і азімую сяўбу і ворыве зябліва, а Міхаіл Анатольевіч ПІРОЖНІК – 2-е месца на падрыхтоўцы глебы.
У ліку правафланговых і шэраг іх таварышаў па працы. У прыватнасці, 3-ія месцы ў раёне занялі: Мікалай Аляксандравіч ЗАКРЖЭЎСКІ – на пагрузцы арганічных і мінеральных угнаенняў, Віктар Валянцінавіч ПРАСНЯК – на ўнясенні арганічных угнаенняў, Андрэй Андрэевіч ПАРХУЦКІ – на ўнясенні мінеральных угнаенняў.
Раней казалі: «Як работнік есь, так ён і працуе». Каб хлебаробы былі дужымі, у добрым настроі шчыравалі на палетках, пастараліся і работнікі сталовай, загадчыца якой Наталля Леанідаўна ФЯСЬКО. Кухары кормяць гарачымі стравамі людзей занятых на сяўбе, корманарыхтоўцы, жніве каларыйна і смачна, вытрымліваючы неабходныя рэгламенты. Таму і вынік адпаведны – 3-е месца ў раёне сярод калектываў сталовых.
Лідар раённых спаборніцтваў – імя ганаровае. Ім становяцца толькі дзякуючы нястомнай працы, а яшчэ прафесіяналізму, вопыту, стараннасці. Усё гэтыя рысы бацэвіцкім працаўнікам уласцівы, тым больш, што разам яны – адзіная каманда, падставіць плячо сябру ў жыцці ці працы, калектыву – звычайная справа. Каго з гэтых рупліўцаў ні вазьмі, усе свае, вясковыя, з моцнымі сялянскімі каранямі, надзейным сямейным тылам, на такіх і трымаецца і вёска,
і АПК. Немалаважна і тое, што на ўзбраенні аграрыяў – сучасная тэхніка. Яны ведаюць, берагуць, у сваёй справе – універсалы.
«Добрая частка нашых механізатараў працуе на новай тэхніцы, а гэта – аснова поспеху, – адзначае галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Мікалай КАЗЕКА. – Летась машынна-трактарны парк гаспадаркі значна абнавіўся. Атрымалі два збожжаўборачныя камбайны, два трактары Беларус-1221, два раскідвальнікі арганічных угнаенняў і адзін – мінеральных, прычэпы да трактароў. Значнае набыццё сёлетняга года – пнеўматычная ўніверсальная шыроказахватная 9,6-мятровая сеялка «Беразіна». Такая тэхніка дазваляе людзям працаваць у камфорных умовах, мець добрыя рэзультаты і належную зарплату».
Практычна круглы год аграрыі шчыруюць на зямлі: аруць, сеюць, косяць, нарыхтоўваюць кармы, даглядаюць пасевы, жнуць, зноў аруць, сеюць, не лічачыся з уласным часам, упарта і цярпліва. Для іх хлебароб – сэнс жыцця. І сёння мы кажам усім, хто носіць гэта гордае імя, шчырае дзякуй за нястомную працу, хлеб на стале, за важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны.
Тэкст і фота: Ніна ІЗОХ.








