Тыдзень дадатковай адукацыі прайшоў у Клічаўскім районе

З пачаткам новага навучальнага года ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі кожны дзень шматпадзейны. З 2 па 6 верасня тут праходзіў Тыдзень дадатковай адукацыі, галоўная мэта якога – запіс рабят у аб’яднанні па інтарэсах.
Дзяцей і іх бацькоў запрашалі акунуцца ў свет творчасці, адкрыццяў і новых магчымасцяў. На «Днях адчыненых дзвярэй» праводзілі плэнеры мастакоў і выстаўкі работ, увазе наведвальнікаў прапанавалі выступленні юных выхаванцаў Цэнтра, майстар-класы для дзяцей і дарослых і г.д. Напрыклад, «Адкрыты мікрафон» даў магчымасць усім жадаючым прадэманстраваць свае таленты: спець песню, прадэкламаваць вершы або паказаць сябе ў якім-небудь жанры або відзе творчасці. У мінулую суботу юных клічаўлян запрашалі на сустрэчу з педагогамі Цэнтра, пад час майстар-класаў акунуцца ў свет творчасці: плесці браслеты «Лета», маляваць акварэльныя заходы сонца (стаць мастакамі), паспрабаваць сябе ў эбру – маляванні на вадзе і іншых неверагодна прыцягальных занятках.
А 5 верасня Цэнтр сабраў шмат гасцей на інтэлектуальную гульню «Што? Дзе? Калі?». За званне самых эрудзіраваных спаборнічалі каманды – прадстаўнікі розных устаноў раёна: «Фантазёры» (СШ №1), «Кавалёўцы» (СШ №2), «Проста геніі» (маладыя спецыялісты і члены Моладзевага савета», «Бацькі» (родныя і блізкія навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах).
Па выніках трох тураў перамогу атрымала каманда «Бацькі». На другім месцы – каманда «Кавалёўцы», на трэцім – «Проста геніі».
