Улюбёныя ў народную творчасць
Раённы Дом рамёстваў – унікальнае месца с асаблівай атмасферай. Пераступаеш парог – і адразу трапляеш у творчы свет, дзе пануюць цішыня і спакой. Яно і зразумела: муза не церпіць мітусні. І ў гэтай незвычайнай, быццам заварожанай цішыні, ідзе няспынная стваральная праца. Нараджаецца непаўторная прыгажосць з нацыянальным каларытам. Дзе, як ні тут, падсілкавацца «народнай энергетыкай», адчуць прыліў натхнення?
У РДР працуюць людзі, якія беражліва захоўваюць народныя традыцыі і ахвотна дзеляцца сакрэтамі майстэрства з кожным зацікаўленым. Калектыў установы невялікі, зараз у ім працуюць чатыры майстры народных мастацкіх рамёстваў. Яна КОЗЫРАВА – спецыяліст па кераміцы, цяпер выконвае і абавязкі загадчыка РДР. У здатных руках Наталлі ЛАПАЦІНАЙ нараджаецца залатое цуда клічаўскай саломкі, яна прызнаны майстар саломапляцення і інкрустацыі саломкай. Дзмітрый ШАМЫНА – майстар у адным з старажытнейшых відаў творчасці – лозапляценні. З тонкіх пруцікаў, напрыклад, вербалоза, ён стварае цудоўныя прадметы ручной работы, моцныя, лёгкія, прыгожыя, а часам і вытанчаныя, шкатулкі, кошыкі і кошычкі, розны посуд і г. д.
Уладзімір ДЗЯРЖАНСКІ (на фота) ў РДР працуе амаль з дня яго стварэння, ужо 12 гадоў. Яго спецыялізацыя – работа з дрэвам. Уладзімір Эдуардавіч – майстар «залатыя рукі», дзякуючы яму звычайная драўніна набывае другое жыццё. Работа па дрэве – справа сур’ёзная, мужчынская, патрабуе ведаў і вопыту, валодання многімі тэхнікамі рамяства, а яшчэ рознымі інструментамі і абсталяваннем у дрэваапрацоўцы – ад стамесак да станкоў. Усё гэта набыта, а калі да справы з душой – то і вынік адпаведны. Вырабы Уладзіміра Эдуардавіча – ад рамак, вешалак да мэблі, садовых альтанак.
І ў межах Магілёўшчыны славіцца рэдкае зараз рамяство – точаныя драўляныя вырабы клічаўскага майстра Уладзіміра Дзяржанскага – качалкі, ножкі для сталоў і табурэтак, падсвечнікі і іншыя дэкаратыўныя элементы. Напрыклад, апошні «канёк» – драўляная вытачаная аснова для дэкаратыўных яек. Іх вышыня і памеры могуць быць рознымі, ад невялічкіх да 15 сантыметраў у вышыню. А далей гэтыя драўляныя загатоўкі пераўтвараюцца ў шэдэўры. У прыватнасці, Наталля Лапаціна інкрусціруе іх саломкай, і не проста, а нават пейзажы тэматычныя нараджаюцца. Такая прыгажосць заўважна. Нядаўна калекцыя клічаўскіх майстроў пабывала на выстаўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маскве!
Уладзімір Дзяржанскі ў РДР вядзе аматарскае аб’яднанне па дрэваапрацоўцы «Папа Карла», у якое ўваходзяць дарослыя мужчыны, якія працуюць з дрэвам. Разам разбіраюць розныя інавацыі, дзеляцца сакрэтамі рамяства, «растуць» прафесійна.
Землякі ведаюць Уладзіміра Дзяржанскага, як таленавітага лірычнага і праўдзівага паэта. Ён пераможца многіх міжнародных паэтычных конкурсаў і фестываляў, яго творы друкуюцца ў альманахах і кнігах, і часта – у нашай «Сцяг Саветаў». Таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім!