Адчыніць сваё сэрца людзям
Штодня судакранацца з чужымі цяжкімі праблемамі, болем і пакутамі, але ўмець захаваць цеплыню душы і чуласць, даруючы іх людзям, не кожнаму па плячы. Алена Аляксандраўна БАЛЫКА
і Ала Фёдараўна МАЦЮШОНАК (на здымку злева направа), сацыяльныя работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Клічаўскага РЦСАН, гэта могуць. Яны ўжо доўгія гады аказваюць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу, адкрылі свае сэрцы, каб зрабіць іх жыццё лепшым.
Цікаўлюся ў Алы Фёдараўны як яна прыйшла ў гэту дужа няпростую прафесію, якая, на маю думку, па плячы толькі моцным духам. Бо нават родных састарэлых бацькоў, бывае, не хочаць даглядаць, а каб чужых людзей – патрэбна вялікае сэрца.
«Была беспрацоўнай, бо патрапіла пад скарачэнне, – расказвае суразмоўца. – У мяне ўжо быў вопыт догляду за цяжкахворымі роднымі людзьмі, вось і адважылася стаць сацыяльным работнікам. У гэтай прафесіі ўжо каля 10 гадоў. Зараз абслугоўваю на даму пяць пажылых клічаўлян, сярод якіх ёсць і не старая жанчына-інвалід 1-й групы. Шкадую гэтых людзей, да кожнага шукаю падыход,
бо важна не толькі аказваць ім сацыяльна-бытавыя паслугі, але і падарыць цеплыню, увагу, выслухаць і падтрымаць, каб не адчувалі адзіноты. Прыемна, што яны мне давяраюць, чакаюць, як блізкага чалавека».
Рабочы дзень Алы Мацюшонак распісаны па хвілінах: патрэбна купіць прадукты, прывесці лекі, прыбрацца ў жыллі, заказаць газ, дроў і вады прынесці, змераць ціск… Цяжкахворым неабходна дапамагчы ў санітарна-гігіенічных працэдурах. Усяго не пералічыць. Работы прыбаўляе снег, сыпле – трэба расчысціць двары падапечных. І так 5 дзён на тыдзень, заўсёды ў клопатах аб людзях, бывае, і ноччу ў думках аб іх. Яе бабулькі жывуць у розных раёнах Клічава, у кватэрах і ўласных дамах, ад вуліцы Маркаўскай да пачатку Ленінскай. Пешшу паспрабуй управіцца! Таму з мінулай вясны жанчыну выручае уласны транспарт – электрасамакат, так зручней, лягчэй, прасцей спраўляцца і з адлегласцямі, і з безліччу спраў.
У Алены Балыка стаж працы сацыяльным работнікам салідны – больш як 15 гадоў. Расказвае, што працу сваю сапраўды любіць і плануе прысвяціць ёй яшчэ шмат гадоў.
Алена Аляксандраўна расказвае:
«Я прыйшла ў гэту прафесію асэнсавана. Пачынала працаваць па дагаворы. Першымі маімі падапечнымі была пажылая сямейная пара з Паплаў. Гэта было зімой, яшчэ завідна выходзіла з дому, каб пешшу да 8 гадзін ужо быць у іх. І ўсё мне падабалася: і гэты шлях, і свежае паветра, і гэтыя добрыя людзі. А пасля ўжо працавала «сарафаннае радыё», адзін аднаму раілі да мяне звярнуцца, так набрала першых сваіх падапечных. Пасля стала штатным работнікам, цяпер у мяне на абслугоўванні 10 чалавек, гэта больш як на стаўку. Цяжкасцей, вядома, нямала, але з усім спраўляюся. Мае бабулькі ўсе добрыя, у кожнай свой лёс і старасць розная: ёсць інваліды, вязні фашызму, хворыя, якія толькі з калясачкай па хаце, усе ў шаноўным узросце, у многіх можна павучыцца жыццёвай мудрасці. Самае важнае, лічу, ставіцца да пажылых людзей па-чалавечы, паважаць, нават любіць. А яны дзеляцца са мной і сваімі сакрэтамі, і радасцямі, і турботамі, і на хваробы скардзяцца, раяцца пры патрэбе. Гэта ўжо блізкія мне людзі».
Падапечныя Алены Балыка жывуць на розных вуліцах райцэнтра: Калініна, Піянерскай, Першамайскай, у мікрараёне шматпавярховых дамоў. Кожны дзень у яе безліч клопатаў, як і ў кожнага сацыяльнага работніка. Яна пастаянна ў фізічнай працы, у руху, на сваім веласіпедзе «аблятае» за дзень магазіны, аптэкі, носіць дровы і ваду, чысціць снег, прыбірае, даглядае. І заўсёды прыветлівая, у настроі, з усмешкай, з аптымізмам. Свае ўласныя клопаты і праблемы яна пакідае дома, да людзей прыходзіць з дабром і адкрытым сэрцам. Бо быць сацыяльным работнікам – значыць не толькі дапамагаць, але і ўмець любіць, спачуваць, суперажываць.
Што да Алены Балыка, то жыццё ёй выставіла адны пяцёркі. 5 студзеня ў яе не толькі прафесійнае свята, але 55-гадовы юбілей з дня нараджэння! Няхай у жыцці шчасціць!
Тэкст і фота: Ніна ІЗОХ.