У РАЁНЕ

Хлебаробы рыхтуюцца да веснавой сяўбы
Зіма ў палову толькі ўвабралася, а сяльчане ў клопатах аб будучым ураджаі. У гаспадарках раёна ідзе рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі да веснавой яравой сяўбы. І спачатку той, што першай выйдзе на палеткі: энерганасычаных трактароў і прычапных агрэгатаў да іх: плугоў, культыватараў, сеялак. Адна з надзённых задач – вывазка на палеткі арганічных угнаенняў, бо як угноіш зямлю, так і ўраджаем яна аддзячыць.
Паводле даных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, па стане на 16 студзеня ў раёне ўжо вывезена на палі пад яравую сяўбу 2023 года 115 тысяч 650 тон арганічных угнаенняў, што складае 76% да плана нарыхтоўкі (сярэднеабласны паказчык – 54%). Самыя вялікія аб’ёмы і значныя тэмпы работ ва УКСП «Саўгас «ДАБРАВОЛЕЦ», дзе вывезлі пад будучыя пасевы кукурузы і бульбы 45 тысяч 600 тон арганікі, а гэта 109% да плана. Работа працягваецца.
Актыўна вядуць вывазку арганікі і ў ААТ «Коўбча-Агра» –10 тыс. 700 тон (97%), ва УКСП «Саўгас «Вольса» – 24 тысячы 200 тон (93%).
Цёплага хлеба водар
Клічаўскія хлебапёкі за суткі выпякаюць каля 2,5 тоны хлебабулачных вырабаў: хлеб фармавы, падавых гатункаў, багеты, батоны, пірагі і іншае.
Вынікова працуе і кандытарскі цэх. Вось і да навагодніх і калядных святаў яго майстры прыгатавалі больш як 1,5 тоны тартоў, пірожаных, кандытарскіх салодкасцей і іншых вырабаў, якія карысталіся попытам спажыцоў.
Штодня, яшчэ да 7 гадзін раніцы, хлебныя аўтамашыны, гружаныя свежымі хлебабулачнымі вырабамі, ад’язджаюць ад склада гатовай прадукцыі. Іх дарогі – ва ўсе гарадскія і сельскія гандлёвыя кропкі раённага спажывецкага таварыства. Разам з іншымі прадуктамі харчавання клічаўскі хлеб дастаўляюць да жыхароў мноства невялічкіх вёсак і аўталаўкі прадпрыемства.
Клічаўскі хлеб да спадобы і жыхарам суседняга Быхаўскага раёна. Радуе, што попыт там толькі павялічваецца.
У музей – за тайнамі акіянаў
З 20 снежня ў краязнаўчым музеі працуе прывазная выстаўка «Застылыя тайны 5 акіянаў».
Дзеці і дарослыя могуць пазнаёміцца з унікальнымі жыхарамі марскіх глыбіняў: некалькімі відамі чарапахаў і іншымі жывымі амфібіямі, дзіўнымі ракавінкамі і непаўторнымі караламі. А для групавых экскурсій прапануецца і гульня «Прыгоды дапытлівай чарапахі».
Ехала Каляда ў чырвоным вазочку
Зберагаючы спадчыну продкаў, весела, ярка і масштабна адзначылі калядныя святы на Клічаўшчыне.
Раней, некалькі гадоў таму, дзіцячы калядны абрад «Куры» існаваў і ў Віркаве. Але мясцовыя дзеці выраслі, замяніць іх няма каму. Таму па ўзгадненні з сталічнымі экспертамі вырашана праводзіць гэты абрад у бліжэйшай вёсцы.
13 студзеня раённы Дом культуры сумесна з ДУА «Пярэкальская сярэдняя школа» правялі абрад у вёсцы Пярэкаль па варыянце калядавання віркаўскіх «курэй». З дзіцячым калектывам на месцы займалася Валянціна ЛАПАЦІНА, педагог-арганізатар школы, а метадычную дапамогу аказала Жана АЧЫНОВІЧ, спецыяліст па фальклоры, загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Дома культуры.