Бязвінныя ахвяры вайны
Перад вайной наша сям’я жыла ў вёсцы Старыя Максімавічы. Мама, Хрысціна Нікіфараўна Патупчык, рана аўдавела і адна выхоўвала шасцёра дзяцей: Ніну, Пятра, Яўгена, Івана, Валянціна, Галіну. Мы жылі дружна і вельмі любілі матулю. Нягледзячы на тое, што Пятро на два гады маладзейшы за Ніну, у школу яны пайшлі ў адзін год, паспяхова скончылі яе, паступілі ў педвучылішча. Пятро настаўнічаў у Бёрдаўскай, а Ніна – у Убалацкай і Стаяльскай школах.
Калі пачалася вайна, 20-гадовы Пеця падаўся ў партызаны. Быў байцом 277-га партызанскага атрада. Пасля вайны мы атрымалі на яго пахаванку.
Брат Валянцін памёр 7 сакавіка 1945 года ад голаду. У 26 гадоў не стала і брата Яўгена. Ужо няма і Ніны з Іванам.
Сястра Ніна ўсё жыццё працавала настаўніцай у Максімавіцкай школе, а ў гады вайны не раз выконвала заданні партызан. Я была яшчэ малая, і Ніна брала мяне з сабой, выдавала за дачку. Ды і спакайней было разам дабірацца да Ялізава, хадзіць у Брадзец, іншыя населеныя пункты.
На ўсё жыццё запомніўся мне жудасны 1942 год, калі фашысты расстралялі нашых аднавяскоўцаў, сярод іх была і наша маці. Іх імёны занесены ў кнігу “Памяць”, але я лічу неабходным у святочныя дні 65-й ьгадавіны Вялікай Перамогі ўспомніць бязвінных ахвяр вайны. Міхаіл Іванавіч, Марыя Мікітаўна, Дзмітрый Міхайлавіч Кнігі, Фядора Акімаўна Кніга, Вера Іванаўна Патупчык, Алена Іосіфаўна Меляшкевіч, дзве дзяўчыны-партызанкі, прозвішчы якіх не ведаю, былі расстраляныя за вёскай. Але варожыя кулі дасталі, напэўна, не ўсіх. Веру патупчык, цяжарную жанчыну, хутчэй за ўсё зажыва закапалі, бо калі з’ехалі карнікі, і вясковыя мужыкі адкапалі яму, каб пахаваць нябожчыкаў па-хрысціянску, на яе целе не было слядоў ад куль.
Жудасныя, страшныя падзеі той вайны, пакалечаныя лёсы старых і малых нельга забываць. Было б правільным на тым месцы, дзе ў 1942 годзе былі расстраляны старамаксімаўцы, устанавіць памятны знак, бо ў той яме засталіся навекі дзве маладзенькія дзяўчынкі – разведчыцы партызанскага атрада.
Успамінала падзеі вайны
Г. ШАМАЛЬ