Прыйшла пара для ўспамінаў

Мой першы год працы ў рэдакцыі выпаў на 65-гадовы юбілей «Сцяга Саветаў». Лістапад у той год быў цёплы, юбілей святкавалі з размахам у сталовай лагера «Вольса».
Гасцей было вельмі шмат: прадстаўнікі раённай і абласной вертыкалі ўлады, калегі з Кіраўска, Магілёва, Асіповіч, Бабруйска, Горак, Быхава, ветэраны, былыя супрацоўнікі газеты, пазаштатныя карэспандэнты, кіраўнікі арганізацый прадпрыемстваў і ўстаноў раёна.
І вось дарагой нашай раёнцы 95! Успомніліся вершаваныя радкі Віктара Ціханавіча ЛЕПІКАВА, колішняга галоўнага рэдактара раёнкі, таленавітага журналіста і добрага чалавека, з якім таксама давялося працаваць: «Жыццё прайшло, як прамільгнула, і для цябе, і для мяне, а тое, што было ў мінулым, прысніцца хіба што ў сне», – яны яскрава падкрэсліваюць імклівую хуткасць і непазбежнасць часу.
Дастала фотаархіў і штодзённікі. На кожнай старонцы – людзі і падзеі роднай Клічаўшчыны. Перагортваю старонкі і лаўлю сябе на думцы, што ў жыцці журналіста надзвычай важныя і назаўжды памятныя тыя хвіліны, а то і гадзіны побач з цікавым суразмоўцам, калі дакранаешся да чалавека сэрцам, прыадчыняеш для сябе таямніцы яго душы, перажываеш яго боль, радуешся кароткім імгненням шчасця.
Асабліва шчымлівымі былі сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Гаварылі яны мала, бо саромеліся слёз, якія душылі, неахвотна даставалі з патаемных месцаў медалі і ордэнскія кніжкі, падзякі ад Галоўнакамандуючага, не лічылі сябе героямі, а сціпла адзначалі за якія баі атрымалі ўзнагароды.
Вялікае мноства запісаў датычыцца працаўнікоў палёў і ферм, прадстаўнікоў розных прафесій. У маім блакноце размашысты аўтограф беларускага спевака Якава Навуменкі. Інтэрв’ю з ім запісала пасля канцэрта ў гонар уручэння нашаму раёну вымпела «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». А вось на фота я побач з артысткай Галінай Нянашавай, з пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім, які прыязджаў на адкрыццё дзіцячага Дома сямейнага тыпу Кунзікавых.
Асабліва зашчымела сэрца, калі разглядала здымкі з калектывам. На іх яшчэ ўсе жывыя і маладыя. Вось Віктар Ціханавіч распасцёр шырока рукі, абдымаючы заўсёды пазітыўнага бухгалтара Вольгу Мацюшонак, сціплую і прывабную Ніну Ізох, жартаўлівую Алу Краўцову, з-за яе пляча выглядвае аператар Сяргей Сырамалот, прысеў перад усімі фотакор Васіль Варакса, побач з ім Валянціна
Арцёмаўна Мацюшонак.
З наступнага здымка шырока ўсміхаецца наш галоўны рэдактар Святлана Васільеўна
Мароз, якая ўмела і запатрабаваць, і шчыра падзяліць з кожным з нас і бяду, і радасць, дзейсна дапамагчы і падтрымаць. На вялікі жаль, у маім архіве няма фатаздымка Уладзіміра
Капельяна, бо фотакарэспандэнт здымаў нас. Мне запомнілася як Уладзімір Сямёнавіч вучыў свайму майстэрству нашу таленавітую Наталлю Пішчалаву.
Наступны здымак зроблены на 80-годдзе раённай газеты, дзе побач з галоўным рэдактарам Людмілай Пракаповіч тагачасны бухгалтар Людміла Юркавец, Алена Вайтусёнак, Людміла Марчанка, Алена Ганчарова і іншыя. Незабыўны след у маім сэрцы пакінулі карэктар Клаўдзія Крыванос, аператар Наталля Мацюшонак, карэспандэнт Аня Бязручанка, Наталля
Крукава, бухгалтары Галіна Доўбня і Наталля Пагірэйчык, вадзіцелі Ўладзімір Сцяпанавіч Солтан, Іван Драка, Андрэй Шашкоў.
На вялікі жаль, некаторых калег ужо няма сярод нас, але памяць захоўвае іх галасы, а чорна-белыя і каляровыя фотаздымкі – вочы і ўсмешкі. Хораша, весела, дастойна жылі яны на гэтай зямлі! Светлая ім памяць…
Важна адзначыць, мы заўсёды жылі дружна, калі і здараліся часам нейкія спрэчкі, то праз 5 хвілін на іх забываліся, бо агульная справа заўсёды была на першым месцы. Мы паспявалі не толькі выпускаць газету, як і ўсе арганізацыі палолі дзялянку буракоў у калгасе, збіралі каменне з палёў, нарыхтоўвалі сена для жывёлы, а яшчэ спраўлялі святы, дзялілі гора і радасць. Змянілася эпоха, сёння ў рэдакцыі новае пакаленне, новыя тэхналогіі, але нязменным застаецца чалавечы фактар, актуальнасць тэм, аператыўнасць і дакладнасць інфармацыі. Я шчыра віншую ўсіх нас са святам! З 95-гадовым юбілеем «Сцяг Саветаў!».
Жадаю кожнаму супрацоўніку і колішнім калегам моцнага здароўя на доўгія гады, шчасця і радасці, мірнага неба над галавой. Калектыву рэдакцыі – вялікае мноства падпісчыкаў, заўсёды вострага пяра і творчага натхнення!
З павагай, Аліна СУДНІК.









