Чым больш ведаеш, тым больш можаш
Гісторыю цывілізацыі можна вызначыць у шасці словах: чым больш ведаеш, тым больш можаш. Такога ж прынцыпу прытрымліваецца і педагагічны калектыў УА “Клічаўскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж” не толькі, калі выстройвае ўвесь комплекс вучэбна-адукацыйнага працэсу, а і ў час удзелу ў навуковых міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, семінарах і г. д.
Які патэнцыял у педагагічнага калектыву? Па гэтаму і іншых пытаннях гутарым з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце аграрна-тэхнічнага каледжа Ірынай Барысаўнай Хадановіч.
– Патэнцыял у нашага калектыву вялікі. Тут працуе 61 педагог, з іх вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 29 выкладчыкаў, першую – 16, другую – 6 і 10 маладых спецыялістаў пакуль што без катэгорыі. Ім трэба адпрацаваць пэўны час, каб атрымаць яе. Многія мае калегі маюць па дзве вышэйшыя адукацыі і скончылі тэхнічныя і педагагічныя ВНУ краіны. В. П. Арцем’еў рыхтуецца абараняць дысертацыю, а А. А. Пятроўская і Н. І. Чайкова займаюцца ў аспірантуры.
У вучэбных працэсах актыўна ўкараняем новыя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Летась у каледжы адбыўся рэспубліканскі семінар па тэме “Інавацыйныя тэхналогіі і актыўныя метады навучання ў вучэбна-выхаваўчым працэсе”. Мы атрымалі высокую ацэнку за арганізацыю і правядзенне семінара, вопыт нашых калег быў абагульнены, а работы выкладчыкаў В. П. Арцем’ева, Т. М. Шашура, Т. І. Кліямнковай, М. М. Ясева, В. В. Буймістрава апублікаваны ў навуковым метадычным выданні.
Аб станоўчай працы педагогаў сведчаць і іншыя факты. У прыватнасці, каманда навучэнцаў каледжа заняла першае месца ў Рэспубліканскай алімпіядзе прафесіянальнага майстэрства па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельгасвытворчасці”, “Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне АПК”, “Энергетычнае забеспячэнне сельгасвытворчасці”, другое месца – у Рэспубліканскім конкурсе “Лепшы араты”. Дыпломам першай ступені адзначаны наш удзел у рэспубліканскай выставе тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці студэнтаў і работнікаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафтэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Мы прытрымліваемся здаровага спосабу жыцця. Ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Не пустуюць у нас трэнажорныя і спартыўныя залы. Заўсёды шматлюдна на стадыёне. Ды і скарбонка спартыўных дасягненняў пастаянна папаўняецца.
– Раскажыце, калі ласка, як арганізавана работа з маладымі спецыялістамі?
– Да маладых у нашым калектыве асаблівыя адносіны. Многія з іх нашы былыя навучэнцы. Своечасова падтрымаць, дапамагчы асвоіцца на новым месцы і ў новай ролі вельмі важна. Да таго ж, на працягу 2 гадоў усе яны слухачы “Школы пачынаючых выкладчыкаў”, дзе старэйшыя калегі дзеляцца вопытам работы, дапамагаюць моладзі спасцігаць сакрэты прафесіі, удасканальваць і развіваць сваё майстэрства, заваёўваць аўтарытэт.
– Ірына Барысаўна, сёлета калектыў каледжа вылучыў вас кандыдатам у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў па Бёрдаўскай выбарчай акрузе № 12. У выпадку абрання з чаго плануеце пачынаць работу дэпутата?
– Я ўдзячная нашаму калектыву за аказаны мне давер. Ужо сустракалася з выбаршчыкамі, цікавілася іх праблемамі і ўвогуле жыццём. Я ўжо ў тым узросце, які дазваляе мець уласны пункт гледжання на рэчаіснасць, быт, сямейныя адносіны. Мне добра вядомыя шматлікія праблемы выхавання дзяцей, працоўных адносінаў і да т. п. Я чалавек актыўны і нераўнадушны да ўсяго, што адбываецца ў грамадстве, а таму маю сілы, адчуваю ўпэўненасць і змагу дастойна прадстаўляць інтарэсы выбаршчыкаў у структурах улады.
Нам неабходна смялей займацца адраджэннем і развіццём культурных і духоўных каштоўнасцей, нацыянальнай спадчыны. А садзейнічаць гэтаму будуць дзіцячыя і маладзёжныя праграмы з шырокім спектрам дзейнасці.
Лічу неабходным падтрымаць агляд-конкурс на лепшы дом, двор, пад’езд, вясковую сядзібу. Гэта ўдалы спосаб папулярызацыі сярод насельніцтва прыкладаў добраўпарадкавання месца жыхарства.
– Які талент хацелі б мець больш за ўсё?
– Хацела б умець віртуозна іграць на акардэоне. Шкада, што не скончыла ў свій час музычную школу.
– Самая лепшая парада была для Вас і якая?
– Самыя лепшыя парады далі мне бацькі. Я вельмі даражу гэтым бескаштоўным скарбам. На ўсё жыццё запомніла бацькаву навуку: “Калі штосьці не атрымліваецца і здаецца няма выйсця з той або іншай сітуацыі, — казаў ён, — адкрывай і чытай Біблію, там ўсё напісана”. Калі-нікалі я раблю так, як раіў мне бацька, і, ведаеце, дапамагае.
– Што Вы зараз чытаеце?
– Чытаю раман В. Пікуля “Честь імею”.
– Ваш любімы кінафільм.
– Вельмі люблю гістарычныя, чорна-белыя фільмы мінулай эпохі, фільмы аб Вялікай Айчыннай вайне. Літаральна днямі з асалодай паглядзела мастацкі фільм “Цар”.
А. Суднік