Слаўны Дзень Перамогі
Радасную вестку аб перамозе Аляксандр Васільевіч Канойка з вёскі Юзафін сустрэў у салдацкай казарме.
— Служыў ва Уруччы, што пад Мінскам, дзе стаяла наша 45-я вучэбна-стралковая дывізія. Мы праходзілі курсы маладога байца. Мяне прызвалі ў армію 11 лістапада 1944 года, — пачаў свій расказ Аляксандр васільевіч. – Кожны дзень мы чакалі адпраўкі на фронт, але ўсё чсацей да нас прыязджалі байцы, і яны паведамлялі, што там, хутчэй за ўсё, справяцца без нас.
Так яно і здарылася. Калі прагучала вестка, што Перамога за намі, нашай радасці не было межаў. Мы крычалі 2ура” і абдымаліся. Гэта быў самы шчаслівы дзень за многія гады фашысцкай акупацыі.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Васільевіч Канойка мае статус работніка тылу. Ён адслужыў год у 45-й вучэбна-стралковай дывізіі. Салдаты патрулявалі ў горадзе, выконвалі заданні па выяўленню рэшткаў банд і марадзёраў, лавіді паліцаяў.
Потым юнак напісаў заяву і добраахвотна пайшоў служыць у Кранштад на баявы карабель. Шэсць гадоў хадзіў у марскія паходы і дастойна нёс службу па абароне Радзімы. Затым усё жыццё працаваў механізатарам у калгасе.
Незагойныя раны пакінула вайна ў сэрцы Аляксандра Васільевіча. На фронце загінуў старэйшы брат. У 1942 годзе немцы расстралялі бацьку.
Дзень Перамогі – самае лепшае свята. Вось і сёлета былы марак з нецярпеннем чакае яго.
А. СУДНІК