А дарога шэраю стужкай уецца…
Максім Кудзін з кагорты моладзі аўтапарка. Надзейнай, адукаванай, кваліфікаванай. За плячамі аграрна-тэхнічны каледж (спецыяльнасць – тэхнік-механік), служба ў арміі ў войсках Міністэрства ўнутраных спраў. А вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі А, В, С, Е. Чацвёрты год ён працуе на прадпрыемстве. Пазалетась новы вялікагрузны МАЗ даверылі. З прычэпам адразу 35 тон бярэ. Не бяда, што камандзіроўкі частыя і працяглыя. Затое справы важкія.
Мінулым летам працаваў на будаўніцтве атамнай станцыі ў Астраўцы, цяпер на рамонце аўтатрасы Магілёў-Мінск.
– Можа хочаш перайсці на міжнародныя перавозкі? – цікаўлюся ў яго.
– Навошта?, – здзіўляецца. – Мая машына практычна новая. Зарабляю добра. Ды ў мяне ж сям’я.
Па ўсім відаць, чалавек сур’ёзны, самастойны. Летась ажаніўся, ужо ёсць першынец-сынок. Дом будуе. Значыць, корні пускае глыбока. Тут, у Клічаве, нарадзіўся, рос, тут свой лёс знайшоў і прызванне. А за такой моладдзю – будучыня.