Старажытны абрад «Каляда на дуба» прайшоў у Коўбчы

На зыходзе дня 21 студзеня на вуліцах аграгарадка Коўбча – паселішча, якое вядзе адлік сваёй гісторыі з 1513 года як сяло Кабла ў Свіслацкай воласці Вялікага княства Літоўскага – заліхвацкі, на ўсе лады спяваў гармонік, якому ўторылі беларускія трашчоткі і лыжкі, у зімнім марозным паветры на ўвесь абшар разліваліся народныя песні і частушкі.
То весялосць сяльчанам дарылі аматарскае этнаграфічнае аб’яднанне «Вераценца.by», творчы калектыў раённага Дома культуры і работнікі культуры, удзельнікі мастацкай самадзейнасці мясцовага Каўбчанскага сельскага клуба. Па шырокай вуліцы аграгарадка з сучаснай двухпавярховай забудовай ішла сама Каляда, збірала, запрашала вяскоўцаў на свята. Бо і сёння ў Коўбчы зберагаюць традыцыі продкаў, бытуе старажытны беларускі абрад «Цягнуць Каляду на дуба».

Усё было як і некалі на гэтай зямлі. Вялікай вясёлай грамадой прасілі «прадаць» хату (сельскі клуб), каб правесці Каляду. Гаспадыні па традыцыі і салодкасці, і грошы давалі, і толькі як прыгожую хусту з махрамі падарылі – пагадзілася пусціць гасцей, пасля і сама з імі весялілася. А якая ж Каляда без пачастункаў? Як і раней, «хата» была святочна прыбрана, на накрытым багатым стале – куцця, каўбасы, самавар, салодкасці і іншае. Частаваліся, жартавалі, спявалі. А пасля ўжо «барану» у яркія стужкі прыбіралі ды неслі на двор. Па традыцыі, як некалі і продкі рабілі, крэйдай з вуліцы на дзвярах намалявалі каня – значыць, Каляда далей паедзе. Гаспадыні, якія ў калядныя святы працавалі, каб граху не было, на ганку перасякалі пруткі дзеркача, прыгаворвалі: «Што секлася – рассячыся, што вязалася – развяжыся, што шылася – расшыйся!». А далей ужо бабку з куццёй і бараной пасадзілі на санкі ды павезлі па Коўбчы з музыкай і абрадавымі песнямі. Чым далей пракацілі – тым большая надзея на добры ўраджай, і раз-пораз гукалі разам: «Каляда на дуба!»

Пасля ўся шумная вясёлая талака да дуба падалася, што каля самога сельскага клуба расце. Тут ужо Каляду на верх дуба ўзнялі, пачапілі, увесь час спяваючы «Ой, калядачкі, на дуб, на дуб!», прыгаворвалі: «Пакідаем табе барану, каб было здароўе, як у цябе, дуб, моцнае і ў нас», вялізны карагод вадзілі. Дуб абдымалі, самыя патаемныя жаданні кожны загадваў. Цікава, мо і сапраўды збудуцца?
Развітаўшыся з Калядой, усе ўдзельнікі і госці працягнулі свята ўжо ў Каўбчанскім клубе. На вуліцы мароз добра «кусаўся», а тут было цёпла, весела і па-сямейнаму ўтульна. «Вераценца.by» і ўсе работнікі культуры падарылі гледачам цудоўныя песні, спявалі і пад гармонік, і акапэльна, вядомыя беларускія народныя песні і аўтэнтычныя, запісаныя ад доўгажыхароў у вёсках Суша, Віркаў, Коўбча і іншых, а яшчэ цудоўна танцавалі. І жыхары аграгарадка ў баку ад гэтай весялосці таксама не засталіся!
Выказваем шчырае дзякуй за падоранае свята і цудоўны настрой! Будзем Каляды ў наступным годзе чакаць, святкаваць і шанаваць! Каб не забыцца, мы – беларусы! Усё народнае – да сэрца блізкае, роднае!
Меркаванне
Анастасія ШАЛАЙ, загадчык сектара культуры Клічаўскага райвыканкама:
–У нас, беларусаў, ёсць свой моцны вузельчык памяці, сувязі з мінулым, без якога не можа быць
сённяшняга, разумення хто мы і адкуль, бачання сваёй будучыні. Карані нашай духоўнасці – у беларускіх народных звычаях і абрадах, у народным фальклоры, а гэта і ёсць наша традыцыйная беларуская культура. У нашай Клічаўскай зямлі яна разнастайная і багатая. Узяць хаця б Каляды, якія пачынаюць каляндарны год, – перыяд зімовых маляўнічых свят. Калядна-навагодні карнавал на Клічаўшчыне пачынае ўнікальны дзіцячы калядны абрад «Куры», адзіны ў нашай краіне, уключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
Днём 13 студзеня дзеці «кураняты» абыходзяць двары клічаўлян, спяваюць віншавальныя, велічальныя песні гаспадарам, а тыя ў адказ іх частуюць блінамі і іншай смакатой. На змену дзятве ў Шчодры вечар ідуць старэйшыя калядоўшчыкі, пераапранутыя ў «казу», «мядзведзя», «цыганоў» і іншых персанажаў. Іх прыход у хату – весялосць, сапраўднае тэатралізаванае свята з песнямі, варажбой, жартамі, найлепшымі пажаданнямі. Клічаўляне і сяльчане рады такім гасцям, вераць – прыйшлі калядоўшчыкі пад час Каляд – у сям’і будзе шчасце, здароўе, дабрабыт на ўвесь год!
Радуе, што абрад калядавання на Клічаўшчыне жыве, з кожным годам у яго ўключаюцца ўсё больш устаноў культуры і населеных пунктаў раёна.
Замыкае кола калядных свят абрад провадаў Каляд «Цягнуць Каляду на дуба», які ў нашым раёне здавён святкуюць менавіта 21 студзеня. У свой час мо ў двух дзясятках вёсак раёна працавала рэспубліканскае маладзёжнае ГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» (г. Мінск) і вывучала гэты абрад, які, паводле даследванняў, бытуе ў нас у розных варыянтах. Так, мясцовыя доўгажыхары расказвалі, што ў Арэхаўцы ў гэты дзень збіраліся ў госці, гулялі. Пяклі булачкі – «булавушкі». Стругалі лучынкі, рабілі з іх крыжыкі, кідалі ў калодзеж, каб было на працягу году досыць дажджу. Моладзь цягнула барану (адну на ўсю вёску) на дуб (штогод на адзін і той жа), «каб добра баранавалася». У вёсцы Ворліна ў канцы Каляд маленькую драўляную імітацыю бараны зацягвалі на любое дрэва, якому для гэтага ссякалі верхаліну. На гэткай «баране» потым гняздзіліся буслы.
У Ваевічах на 21 студзеня трэба было выносіць Каляду (сноп і куццю) з хаты і ставіць высока – на дуб ці якое іншае дрэва, каб усё высокае расло, каб моладзь бралася шлюбам. Каляду зацягвалі хлопцы, трэба было, каб дуб рос на растаньках. Часамі Каляду на дуб не выносілі, аддавалі скаціне. Былі спецыяльныя песні на правод Калядаў. І сёння традыцыі продкаў жывуць у нашых паселішчах. Яскравы прыклад – абрад «Цягнуць Каляду на дуба», які штогод усёй талакой праводзяць у аграгарадку Коўбча. Цудоўнае, яркае свята! Будем шанаваць сваё, роднае, беларускае!
Ад аўтара
Нам шчасціць жыць у суверэннай Беларусі. Рэспубліка Беларусь – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. У нас гарантуецца разнастайнасць палітычных інстытутаў, ідэялогій і поглядаў. Сёння ў Беларусі пражываюць прадстаўнікі больш як 150 нацыянальнасцяў, дзе беларусы займаюць 85%. У кожнага народа свету – свая нацыянальная культура, якая адрознівае яго як этнас, які мае агульныя рысы культуры, традыцый, культурнай і гістарычнай памяці, усведамленне свайго адзінства і адрознення.
Культура народа – мера яго духоўнасці, цывілізаванасці, этнічнай своеасаблівасці. І мы, беларусы, маем права ганарыцца сваёй культурай, фальклорам, абрадамі, звычаямі, традыцыямі, прыгажосцю нацыяльнага касцюма, народнымі промысламі і рамёствамі. Статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва маюць, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, унікальныя беларускія абрады і традыцыі, у тым ліку – «Калядныя цары» вёскі Семежава Капыльскага раёна, «Юр’еўскі карагод» вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна, «Будслаўскі фэст» аграгарадка Будслаў Мядзельскага раёна ў гонар Будслаўскай іконы Божай Маці і іншыя.
І мы, клічаўляне, таксама ганарымся культурнай спадчынай краю. У век камп’ютарных тэхналогій мы ведаем свае карані, цэнім свае традыцыі і абрады, развіваем іх. Няхай зноў расцвітуць нашы паселішчы, напоўняцца гукамі вёскі і галасамі, песнямі і музыкай, няхай людзі не толькі працуюць, а і прыгожа разам адпачываюць, жывуць у міры і душэўнай гармоніі.
Матэрыялы Ніны ІЗОХ








