Край, дзе пачынаецца Радзіма

Край, дзе пачынаецца Радзіма

17 ліпеня 2024 г. споўніцца 100 год з дня ўтварэння Клічаўскага раёна.

Такі значны юбілей – гэта падстава для таго, каб азірнуцца назад, падвесці вынікі, успомніць мінулае, пералістаць старонкі біяграфіі малой радзімы.

Раённы краязнаўчы музей прапануе чытачам газеты зазірнуць у мінулае і пазнаёміцца з некалькімі цікавымі старонкамі біяграфіі Клічаўшчыны.

Зазірнем у мінулае

Цяпер ужо даволі цяжка ўявіць праз далячынь цэлага стагоддзя, якім быў наш Клічаў у 1924 годзе. Невялікае мястэчка Даўжанскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерніі цалкам складалася з драўляных пабудоў. Цэнтрам духоўнага жыцця была Свята-­Троіцкая царква, якая стаяла на ўзвышшы, на тым жа месцы, што і цяпер.

Жыхары мястэчка ўмела скарыстоўвалі галоўны водны шлях Клічаўшчыны – раку Вольсу. З вясны да першых замаразкаў тут кіпела жыцце: бясконцым ланцугом ішлі плыты з страявым і дроўным лесам, у Бабруйск адпраўляліся розныя сельгаспрадукты – ільняное насенне, алей, сала, мука, крупы, а таксама спірт.

Значнай падзеяй быў кірмаш. У Клічаве ладзілі звычайна два кірмашы – 19 снежня на «зімовага» Міколу і летам, на Сёмуху.

У артыкуле тагачаснага штомесячніка «Наш край» адзначалася: «Раённым цэнтрам Клічаў стаў толькі ў 1924 годзе. Да таго часу – гэта звычайнае сяло, са слабымі адзнакамі саматужнай прамысловасці і дробнага гандлю, хоць некалі тут была шкляная гута… Але з цягам часу, калі Клічаў пачаў узбуйняцца як раённы асяродак, пачало ўзрастаць і яго эканамічнае значэнне».

Эканамічнае значэнне

Менавіта эканамічнае значэнне кожнага куточка беларускай зямлі і яго прыродныя асаблівасці сталі важнай асновай новай адміністрацыйнай рэформы. Цікава, што галоўным аўтарам рэформы новага падзелу Беларусі стаў наш зямляк, ураджэнец вескі Бацэвічы Аркадзь Антонавіч Смоліч, першы беларускі прафесар геаграфіі.

Тады ён працаваў у Наркамаце земляробства, выкладаў у БДУ, з’яўляўся адным з самых аўтарытэтных вучоных-эканамістаў. У дадатак да ўсяго, наш зямляк валодаў літаратурнымі талентамі (пісаў вершы пад псеўданімамі Арцём Жывіца і Лаўрэн Будзіловіч), быў дружны з Янкам Купалам і Якубам Коласам, быў лепшым сябрам Максіма Багдановіча. Невыпадкова, калі паўстала пытанне, хто стане сакратаром камісіі па распрацоўцы рэформы новага адмінстрацыйнага падзелу краіны, лепшай кандыдатуры не знайшлося.

Камісія была створана ў канцы 1923 года пры Савеце народных камісараў БССР. Узначаліў яе старшыня СНК БССР Іосіф Аляксандравіч Адамовіч, а сакратаром стаў Аркадзь Смоліч. Натуральна ён, будучы ўжо вядомым вучоным, быў адказны за навуковую прапрацоўку ідэй раяніравання Беларусі, гэта значыць, быў галоўнай «вытворчай сілай».

Спецыялісты сцвярджаюць, што нават сёння, праз амаль сто гадоў пасля рэалізацыі праекта 1924 года, гэта быў лепшы вопыт практыкаарыентаванай эканамічнай перабудовы краіны ў XX ст., а сама рэформа – найбольш удалай адміністрацыйнай рэформай у Беларусі.

Як змянілася Беларусь у 1924 годзе

У выніку адміністрацыйна-­гаспадарчай рэформы 1924 г. ранейшая сістэма «губерня – павет – воласць» замянялася на сістэму «акруга – раён – сельсавет». У выніку рэформы замест былых 6 губерняў, 15 паветаў, 227 валасцей з’явілася 10 акруг, 100 раёнаў і 1202 сельсаветы.
У сувязі з першым узбуйненнем тэрыторыі Беларусі ў 1924 – 1926 гг. кіраўніцтва БССР па прапанове А. Смоліча правяло некалькі этапаў раяніравання БССР. Найважнейшымі прынцыпамі сталі спрашчэнне і аптымізацыя апарата кіравання, набліжэнне мясцовых органаў улады да насельніцтва.
Як адміністрацыйная адзінка былі ўтвораны новыя раёны, у тым ліку Клічаўскі, Бялыніцкі, Круглянскі, Быхаўскі, Прапойскі (цяпер Слаўгарадскі), Чавускі, Горацкі, Дрыбінскі, Чэрыкаўскі, Краснапольскі, Крычаўскі, Касцюковіцкі, Хоцімскі раёны.

Што змянілася на Клічаўшчыне?

Новы статус цэнтра раёна стаў для Клічава рашаючым. З гэтага часу пачалося бурнае развіццё пасёлка. Былыя Бацэвіцкая, Свіслацкая, Брадзецкая і Даўжанская воласці атрымалі статус сельсаветаў і ў межах раёна ўвайшлі ў склад Бабруйскай акругі. 20 жніўня было зацверджана 12 сельсаветаў: Бацэвіцкі, Ваевіцкі, Ганчанскі, Запольскі, Клічаўскі, Кабылянскі, Каўбчанскі, Новамаксімавіцкі, Нясяцкі, Убалацкі, Уладзі­міраўскі, Усакінскі. Гэта першая значная рэформа працягвалася некалькі год – новыя сельскія Саветы ствараліся і ліквідаваліся, далучаліся то да аднаго раёна, то да другога. Гэта і зразумела: улады шукалі аптымальныя варыянты адміністрацыйнага дзялення.

Гісторыя захавала вельмі скупыя звесткі аб кіраўніках раёна. Архіўныя дакументы таго часу (пратаколы сабранняў, пасяджэнняў, тэксты дакладаў і паведамленняў) даволі сціплыя. У іх называюцца толькі прозвішчы без імён і нават без ініцыялаў. Вядома, што ў 1924 годзе Клічаўскі райкам партыі ўзначаліў Трызна Мікалай, а старшынёй райвыканкама стаў Князеў. Наперадзе перад уладамі і жыхарамі новага раёна стаялі вялікія задачы.

На жаль, здымкаў таго часу амаль што не захавалася. Калі ў сямейных архівах клічаўлян дзесьці яшчэ маюцца крупінкі нашай фотагісторыі, музей не адмовіўся б іх прыняць. У нас жа ёсць толькі адзін фотаздымак 1924 года, які за сто год захавання выглядае зусім нядрэнна: толькі крыху патрапаўся край ды сцёрся надпіс. Але самы вялікі недахоп – гэта тое, што мы не ведаем ніводнага з гэтых людзей. Пэўна, тут з вайскоўцамі і кіраўнікі раёна, і партыйныя і камсамольскія актывісты, і настаўнікі, і медыкі. Здымак зроблены хутчэй за ўсё прадстаўнікамі падшэфнай вайсковай часці, бо толькі ў іх у той час была такая рэдкая рэч, як фотаапарат. Пасля нейкай важнай нарады яны сфатаграфаваліся хутчэй за ўсё ля Народнага дома (нардома), так у той час называўся Дом культуры.

«Культурнае становішча з году ў год паляпшаецца…»

Такі вывад зроблены ў справаздачы Клічаўскага камітэта партыі ўжо ў пачатку 1925 года. Нават па стрыманых па стылю дакументах адчуваецца, як складана было кіраўнікам раёна, кіраўнікам розных устаноў вырашаць безліч шмат­дзённых праблем, з якімі яны раней не сутыкаліся. Адна з іх – непісьменнасць і малапісьменнасць жыхароў раёна. Зразумела, што ніякія праблемы развіцця Клічаўшчыны нельга было паспяхова вырашыць, пакуль не будзе ліквідавана малаграматнасць кадраў. Нават і самі кіраўнікі часта мелі «ніжэйшую» ці хатнюю адукацыю, а ў лепшым выпадку скончылі 2-класную школу і курсы палітасветы. Актыўна развівалася сетка школ для дзяцей і адначасова – пункты па ліквідацыі малаграматнасці для дарослых. На пачатак 1926 года ў раёне працавала ўжо 35 школ, у тым ліку дзве польскіх і адна яўрэйская.

Актыўна пачалі стварацца пункты ліквідацыі непісьменнасці для дарослых. Ваевіцкі лікпункт 25 снежня 1924 г. паведамляў: «Праведзена рэгістрацыя няграматнага насельніцтва, колькасць якога складае 45 чалавек. Рэгулярна наведваюць школу 25-30 чалавек ва ўзросце 14-22 гадоў. За кошт навучэнцаў нанята памяшканне, ацяпленне і асвятленне якога таксама робіцца за іх кошт…».

Як былыя партызаны адстаялі раён

Для Клічаўскага раёна найбольш балючай стала рэарганізацыя 1962 года. Па рашэнню Пленума ЦК КПСС па ўсёй краіне былі створаны вытворчыя тэрытарыяльна-калгасныя ўпраўленні. У адно з іх увайшлі Кіраўскі і Клічаўскі раёны. Нават наша раённая газета «Зара» стала выходзіць на два раёны.

А напярэдадні Новага, 1963 года, 25 снежня ўступіла ў сілу рашэнне аб ліквідацыі Клічаўскага і далучэнні яго да меншага па плошчы Кіраўскага раёна. Трэба прызнаць, гэта навіна ўзрушыла клічаўлян – такая перамена стварала шмат бытавых і іншых цяжкасцяў. Амаль тры гады спатрэбілася, каб вярнуць нашай малой радзіме былы статус. Старажылы сцвярджаюць, што рашаючую ролю ў гэтай справе адыграў зварот да ўлады групы аўтарытэтных ветеранаў партызанскага руху Клічаўшчыны, якія не маглі змірыцца з тым, што легендарны партызанскі раён перастаў існаваць. І вось у 1963 годзе Клічаўскі раён быў адноўлены ў ранейшых межах.

Найцікавейшая біяграфія нашага раёна складаецца з мноства фактаў, гісторый, біяграфій людзей, якія пісалі яе і пішуць сёння.
Вось некалькі важных фактаў:
У лютым 1938 года Клічаўскі раён увайшоў у склад Магілёўскай вобласці.
У верасні 1938 года Клічаў атрымаў статус гарадскога пасёлка.
У 2000 годзе Клічаў атрымаў статус горада.
У 2005 годзе Геральдычнай камісіяй зацверджаны герб і сцяг раёна.

Наш раён – адзін з самых вялікіх па плошчы ў Магілёўскай вобласці (1800 кв. км.). Калі
параўнаць яго з плошчай невялікіх краін сусвету, то гэта крышку менш, чым плошча
субтрапічнага вострава-дзяржавы Маўрыкій, што знаходзіцца ў паўднёвай частцы Індыйскага акіяна.

У 2023 годзе колькасць насельніцтва раёна налічвала 13 890 чалавек. Цікава, што самая вялікая колькасць насельніцтва зарэгістравана ў 1939 г. – 48 606 жыхароў. Пасля Вялікай Айчыннай нам так і не ўдалося зноў дасягнуць гэтага ўзроўню!

Клічаўскі раён мае найбольшы лясны рэсурс у вобласці. Лясы Магілёўскай вобласці займаюць 38,4%. Між тым, змешанымі лясамі на Клічаўшчыне пакрыта каля 60% тэрыторыі.

Лідзія Ачыновіч, навуковы супрацоўнік музея.

Последние новости

Актуально

Оставь свой след в истории

20 декабря 2024
Читать новость
Прямые телефонные линии

Прямые телефонные линии

20 декабря 2024
Читать новость
Изучаем мнение населения

Горячая линия

20 декабря 2024
Читать новость
ОБРАЗОВАНИЕ

В руках молодёжи – будущее науки

20 декабря 2024
Читать новость
Интервью

Виды на спорт и туризм

20 декабря 2024
Читать новость
СОБЫТИЯ

Новоселье накануне Нового года

20 декабря 2024
Читать новость