Жыць работай і дыхаць творчасцю
Нашы святы – будні калектыву ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна», у якім больш за 60 чалавек. Яны штодня працуюць, каб ярка і відовішчна правесці для нас урачыстасці, канцэртныя праграмы, кірмашы, святы вёсак, конкурсы, фестывалі, забаўляльна-гульневыя праграмы і безліч іншых мерапрыемстваў.
Мы заўсёды горача вітаем Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі і песні «Жытніца» Арэхаўскага СДК, вакальны ансамбль «До рассвета» раённага Дома культуры і новыя мюзіклы яго творчага калектыву, становімся гледачамі рэканструкцыі падзей «Блакада «Адлер» на мемарыяльным комплексе Усакіна. Зімой сем’ямі з задавальненнем наведваем Сядзібу Дзеда Мароза, дзе культработнікі прапануюць нам штогод новую тэатралізаваную праграму.
Адны з клубных работнікаў заўсёды на віду, праца іншых не так заўважная, але ад таго не менш значная і вельма патрэбная. Адно, усе яны – асобы шматгранныя. Калі ідзе канцэрт і любімыя намі выканаўцы дораць свае песні або цудоўную музыку, глядач, вядома, і не задумваецца, што святочны настрой нам робяць не толькі артысты. А і тыя спецыялісты, што, напрыклад, ствараюць светавое афармленне сцэны і экрана, светавыя і спецыфічныя эфекты, працуюць з розным асвятляльным абсталяваннем сцэны, праекцыйнай тэхнікай. Менавіта гэтым і займаецца ў раённым Доме культуры Іван АЎТУХОВІЧ. А працуе ён на пасадзе кінамеханіка сектара па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва, так што і кіно глядзім таксама дзякуючы яму. Але ж большасць з нас ведае Івана Іванавіча, як фатографа і відэааператара. Якое б значнае мерапрыемства ў Клічаве не праходзіла, ён – з фота камерай. А пасля мы бачым гэты адзняты матэрыял у сацыяльных сетках РДК. Іван Аўтуховіч і аўтар найцікавейшых відэафільмаў пра нашу родную Клічаўшчыну, якія дэманструюцца на значных раённых урачыстасцях.
Гук на канцэртах і фестывалях – гэта сфера адказнасці Арцёма МАРЧАНКІ, гукааператара аддзела народнай творчасці, культуры і вольнага часу. Ад яго прафесіялізму залежыць якаснае гукавое афармленне ўсіх мерапрыемстаў, а працаваць жа прыходзіцца і на адкрытых пляцоўках, і ў памяшканнях з дрэннай акустыкай. Аптымальная гучнасць кожнага інструмента і падачы голасу – яго справа. А яшчэ Арцём дзіджэй дыскатэк, што праходзяць вечарам па пятніцах і суботах у РДК для молодзі і тых, хто малады душой.
Мікіта ШАЎЧЭНКА – нязменны вядучы, імпазантны і артыстычны, усіх урачыстых мерапрыемстваў і канцэртаў у РДК. Ён з гледачамі ў кожнае свята, майстарскі працуе з аўдыторыяй. А штодзённая праца – загадчык сектара па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва. Кінематографу, беларускаму кіно сёння – вялікая ўвага. Вось і ў нас паспяхова ладзяцца сеансы кінастужак у горадзе і сельскіх установах культуры як для аматараў кіно, так арганізаванага гледача – ад малышоў дзіцячых садкоў, школьнікаў, да моладзі, работнікаў арганізацый і ветэранаў.
Юлія МІХНЁНАК па спецыяльнасці – культуролаг-менеджар, мае профільную вышэйшую адукацыю. У яе працоўнай кніжцы толькі адзін запіс аб прыёме на працу – у Клічаўскі РДК. Любімай справе аддадзена ўжо амаль два дзясяцігоддзі. Большасць часу Юлія Мікалаеўна працуе метадыстам па рабоце з інтэграванай базай даных. Яна вядзе і кантралюе інтаграваную базу даных як ЦКС раёна, так і іншых структурных падраздзяленняў сектара культуры райвыканкама.