Сіроты вайны

Сіроты вайны
Лёсы выхаванцаў Нясяцкага дзіцячага дома
Дзяцінства і пакуты — паняцці несумяшчальныя, узаемавыключальныя. Але так бывае. Дарослыя развязваюць на планеце войны, якія адымаюць у хлопчыкаў і дзяўчынак дзяцінства. Асобныя бядуюць падчас ваеннага ліхалецця, а тыя, хто згубіў бацькоў — доўгія гады. Голад, холад, хваробы — цяжкае выпрабаванне, але часовае. Страта бацькоў — назаўжды.

На акупаваных фашыстамі тэрыторыях вайна пакінула мноства сірот. Кагосці прытулілі родзічы, хтосьці проста бадзяўся. Старэйшыя бралі на сябе апеку над малодшымі братамі і сёстрамі, практычна замянялі ім бацькоў. Выжывалі, як маглі. Пасля вайны такія падлеткі апынуліся ў дзіцячых дамах, якія дзяржава пачала адкрываць практычна адразу пасля вызвалення ад нямецкіх захопнікаў. Такі дзіцячы дом з’явіўся ў 1945 годзе і на тэрыторыі былой Клічаўскай партызанскай зоны ў вёсцы Нясята.

Прыйшлі самі

З успамінаў Уладзіміра Паддубскага, маёра авіяцыі ў адстаўцы, былога выхаванца Нясяцкага дзіцячага дома, Талін:

“Жылі мы ў вёсцы Доўгае Клічаўскага раёна. У пачатку вайны фашысты забілі маю маці… Восенню 1943-га спалілі ўсю маю сям’ю: бацьку, мачаху, сястру і трох братоў, малодшаму не было і года. Да ліпеня 1944-га (да дня вызвалення Клічаўшчыны) я жыў у дзядзі. А ў чэрвені 1945 года стаў выхаванцам Нясяцкага дзіцячага дома…”

Як ім жылося ў дзіцячых дамах? Бывала ўсякае. Недаядалі і шмат працавалі. Але з вышыні пражытых гадоў усе яны чамусьці згадваюць той час з цеплынёй. А яшчэ — выказваюць удзячнасць тым, хто замяніў ім бацькоў. Практычна ва ўсіх успамінах гучаць цёплыя словы ў адрас першай выхавацелькі Антаніны Шатуха.

З успамінаў Антаніны Шатуха, выхавацелькі Нясяцкага дзіцячага дома, Віцебск:

“Загадам Клічаўскага района мяне перавялі з Дуброўскай школы выхавацелькай у Нясяцкі дзіцячы дом. Ён быў адкрыты 1 чэрвеня 1945 года і месціўся ў дамку з двух пакояў. Спачатку сфарміравалі штат: дырэктар — Васіль Шпак, завуч — Наталля Лескавец, бухгалтар — Кірыл Патупчык. Выхавальнікі — Антаніна Шатуха, Марыя Стрыгун, Марыя Палітыка, Марыя Маркава. Піянерважатая — Надзея Мацюшонак. Па вёсцы сабралі кухонны рыштунак. Прасціны і коўдры прыслалі з раёна. 15 чэрвеня прынялі першых выхаванцаў — 15 хлопчыкаў, якія прыйшлі самі. Гэта былі Валодзя Паддубскі, Іван Крыскавец, Іван Дыдо, Васіль Мацюшонак, Іван Пірожнік, Андрэй Сукора, Марат Панізовіч, Віктар Счыслёнак, Аркадзь Пац, Грыша Прымак і іншыя”.

Пара валёнак — на дваіх

З успамінаў Уладзіміра Паддубскага:

“Гэта была невялічкая вясковая хатка. У адной палове месціліся хлопчыкі, у другой — дзяўчынкі і гаспадыня. Ложкаў не было. Спалі на нарах. Сталовай служыла памяшканне, якое да вайны належала калгасу. Як цяпер памятаю: збіты з дошак доўгі стол, на ім — замест місак некалькі тазікаў. Кожнаму з нас выхавальнікі выдавалі лыжку, кавалак хлеба. Налівалі ў таз малако. Мы баяліся нават кроплю праліць. Вельмі цяжка гэта апісваць… Вельмі любілі лазню. У ваеннае ліхалецце такое шчасце выпадала не кожнаму. Лазняй служыў звычайны склеп, у цэнтры якога па-чорнаму палілася каменная печ. Адначасова тут магло мыцца не больш за тры чалавекі. Выскоквалі з дыму і з вялікай асалодай пераапраналіся ў старэнькае, але чыстае адзенне. Праз час нам выдалі прывезеную аднекуль форму. Прадметам асаблівага гонару былі шапкі-пілоткі. Для старэйшых — сінія, для малодшых — карычневыя. А вось цёплага адзення ды абутку для зімы не ставала. У 1946-м выдалі адну пару валёнак-катанак на дваіх. Вучыліся мы ў дзве змены. Вучні першай прыходзілі і аддавалі валёнкі тым, хто вучыўся ў другую змену. Так што абутак амаль заўжды быў мокры. Аднойчы мы вырашылі выправіць становішча. Пратапілі печку, выграблі жар, паклалі валёнкі. А ўночы прачнуліся ад едкага дыму. Кінуліся да печы — позна! Ад валёнак засталіся адны ўспаміны. Гаравалі, пакуль наш кравец Васіль Ільінчык з трох згарэлых пар адрадзіў адну. Выгляд такога абутку быў фантастычны. Але каго гэта хвалявала? Хоць і па чарзе, але можна было выскачыць на вуліцу, каб скаціцца з горкі ці пагуляць у снежкі”.

Усё рабілі самі

З успамінаў Антаніны Шатуха:

“Сіламі супрацоўнікаў і выхавальнікаў пачалі адбудоўваць дзіцячы дом. Лес вывозілі на двух валах (уласнасць дзіцячага дома). За тры гады ўзвялі тры карпусы. Дзяцей было 120 чалавек, з іх 20 — дашкольнікаў. У 1948 годзе дзіцячы дом пашырыўся, прыйшлі новыя супрацоўнікі Марыя Ахрамовіч, Марыя Бачкова, баяніст Іван Завадскі, фельчар Паліна Мурашка…”

З успамінаў С. Гаўрылёнак, былой выхаванкі Нясяцкага дзіцячага дома, Армавір:

“У дзіцячы дом мяне, майго старэйшага брата Віцю і малодшую сястру Машу прывяла наша бабуля па матчынай лініі. Але нас не ўзялі, бо дом быў перапоўнены. Аднак бабуля пакінула нас і сышла. А нас не прымаюць. Паварыха цішком пускала начаваць у сталовай, а раніцай выправаджвала. Што рабіць? Так мы да бабулі ў вёску і вярнуліся. Мне было 7 гадоў, брату — 10, сястры — 4. Бабка вельмі раззлавалася і адправіла нас назад, нягледзячы на тое, што сонца пачало садзіцца. З плачам пацягнуліся. Бабуля зрабіла так не таму, што была кепскай. Проста час быў цяжкі ды галодны. А бабка жыла з сынам, нявесткай і трыма іх дзецьмі. А хата — маленькая, а тут яшчэ нас трое. Ад Дулебні (бабульчына вёска) да Нясяты — 8 кіламетраў, ды ісці трэба ўвесь час лесам. Хутка сцямнела. Маша пачала плакаць. Віця пасадзіў яе на спіну. Страшна было. У дзіцячы дом прыйшлі глыбокай ноччу. Нас прынялі! Павялі ў лазню, далі чыстую бялізну. Накіравалі ў розныя групы, потым павялі ў сталоўку. Суп пілі без лыжак, праз краі нейкіх бляшанак… Ежы не хапала. Дзеці елі траву, з гнілой бульбы пяклі блінцы. Вельмі шкадавала Віцю і старалася яго падкарміць са сваёй пайкі. А яшчэ мы рабілі набегі на чужыя сады і гароды. Нас вельмі каралі за гэта: мы мылі падлогі, прыбіральні, палолі грады. У школу пайшла ў 8 гадоў. А сястру накіравалі ў дашкольны дзіцячы дом у Бабруйску. На доўгі час мы згубілі адна адну. У 1949 годзе майго брата накіравалі вучыцца ў Адэскае рамеснае вучылішча. Перапісваліся. Але грошай на паштовыя маркі не было. Мы іх малявалі чарніламі на пісьмах-трохвугольніках… Па гаспадарцы ўсё рабілі самі: дровы нарыхтоўвалі, пілілі, калолі іх, палілі печку, насілі ваду з калодзежа, які знаходзіўся далёка ад корпуса. Сажалі бульбу, вырошчвалі буракі, моркву, гуркі. Яшчэ і калгасу дапамагалі. Так, гора было шмат, але згадваю тую часіну як нешта светлае ў маім жыцці”.

Як я стаў лётчыкам

З успамінаў Уладзіміра Паддубскага:

“Мы цудоўна разумелі, што нас, сірот вайны, утрымліваюць усім раёнам, і імкнуліся хоць неяк аддзячыць за дабро і пяшчоту. Стварылі калектыў мастацкай самадзейнасці. Аб’ехалі з выступленнямі шмат вёсак. Паўсюль нас ветліва сустракалі, частавалі, чым маглі. Вучыліся ў сельскай сямігодцы. Першым з нас, хто атрымаў сямігадовую адукацыю, стаў Марат Панізовіч. Ён скончыў ваеннае вучылішча і стаў афіцэрам. Я і Ваня Крыскавец скончылі сямігодку ў 1949 годзе і сталі навучэнцамі Бабруйскага аўтатранспартнага тэхнікума. І тут, за дзясяткі кіламетраў ад роднага дзіцячага дома, мы адчувалі ўвагу і дабрыню тых, хто нас вырасціў. Я заўжды лічыў сваёй мамай Антаніну Ісакаўну Шатуха. Па камсамольскай пуцёўцы мяне накіравалі ў Балашоўскае ваеннае вучылішча, дзе здзейснілася мая мара стаць лётчыкам. Куды б потым не закідваў мяне лёс, я заўжды вяртаўся на Клічаўшчыну, у Нясяту.”

Дзіцячы дом працаваў 24 гады: з 1 чэрвеня 1945 па 1 ліпеня 1969 года.

Доўгачаканая сустрэча

З успамінаў Аляксандра Баразны, былога выхаванца Нясяцкага дзіцячага дома, Клічаў:

“18 — 19 жніўня 1990 года ў Нясяце прайшла сустрэча былых выхаванцаў і работнікаў дзіцячага дома. Гэтага чакалі ўсе. Разлічвалі на прыезд каля 20 чалавек, прыехала больш за паўсотні. Ля мясцовага дома культуры толькі і чутно было: “Ці ты гэта?” Прыехала на вялікае наша шчасце і 71-гадовая Антаніна Шатуха. Дом культуры запоўніўся да адказу. Гэтая доўгачаканая падзея застанецца назаўжды ў нашай памяці”.

Хачу дадаць вось што. Большая частка выхаванцаў дзіцячых дамоў вучылася і атрымала пасля спецыяльную і вышэйшую адукацыю. Тыя цяжкасці, што выпалі на долю гэтых падлеткаў, загартавалі іх, выхавалі працалюбства, трываласць, цярплівасць і адказнасць за даручаную справу. Спалучэнне гэтых якасцяў і ёсць той падмурак, на якім будуецца паспяховае жыццё.

Наталля ХРАМЯНКОВА, дырэктар Клічаўскага краязнаўчага музея

Последние новости

ОБРАЗОВАНИЕ

Есть такая профессия Родину защищать!

20 ноября 2024
Читать новость
Отделение ГАИ информирует

Меняй свой стиль на зимний

19 ноября 2024
Читать новость
МЧС информирует

Будни спасателей

19 ноября 2024
Читать новость
Безопасность

Обогреватели, камины –как избежать пожара в доме

19 ноября 2024
Читать новость
Официально

Приём граждан

19 ноября 2024
Читать новость
Официально

Прямые телефонные линии

19 ноября 2024
Читать новость