Клічаў сустракаў рэгіянальны фестываль традыцыйных культур малых гарадоў «Кліч над Вольсай»

Клічаў сустракаў рэгіянальны фестываль традыцыйных культур малых гарадоў «Кліч над Вольсай»

У мінулую суботу, 31 мая, Клічаў зноў гасцінна сустракаў удзельнікаў рэгіянальнага фестывалю традыцыйных культур малых гарадоў «Кліч над Вольсай» – аднаго з самых яркіх і доўгачаканых культурных падзей рэгіёну.


Свята на Цэнтральнай плошчы горада бурліла з самай раніцы. Фестываль абяцаў быць адметным, багатым на таленты і творчыя адкрыцці, на цёплыя сяброўскія сустрэчы аднадумцаў – людзей улюбёных у народную спадчыну. А ў сёлетнім фестывалі ўдзельнічалі прадстаўнікі творчых калектываў Магілёўскай і Гомельскай абласцей, а таксама Дарагабужскага і Шумячскага раёнаў Расіі.

Яшчэ да ўрачыстага адкрыцця фестывалю, на плошчы працавала мноства тэматычных пляцовак. Адна з іх – «Клічаў. ART», якая прапаноўвала майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. Уражвала ўнікальнасцю, прыгажосцю, размахам выстаўка-продаж вырабаў традыцыйных рамёстваў удзельнікаў фестывалю «Горад майстроў». Кожны тут знаходзіў для сябе штосьці па душы. Ды і што можа быць лепшым за падарунак для блізкіх ці сувенір на памяць аб фестывалі, чым выраб, што захоўвае цеплыню рук творцы? Людзі з цікавасцю глядзелі майстр-класы, што праводзілі майстры народнай творчасці. Напрыклад, Вольга ВАСІЛЬЕВА з Шумяч, што на Смаленшчыне, па­дзялілася сакрэтамі пляцення на драўлянай вілачцы.


– Рамяство гэта яшчэ ад старажытных славян. Я па прафесіі бухгалтар, а пляценне – адно з маіх хобі. З’яўляюся ўдзельнікам смаленскага гістарычнага клуба «Вытокі», глыбока і сур’ёзна вывучаем гісторыю, робім рэканструкцыю быту, адзення славян, скандзінаваў. Наша спецыфіка – крывічы,
10-11 стагоддзе. Я і апранута зараз у народны касцюм Смаленскага павета таго часу.
На фестывалі ў Клічаве не ўпершыню. Прыязджаем, бо ў нас ужо моцныя творчыя сувязі з клічаўлянамі, штогод на фестывалі новыя ўдзельнікі, дзелімся вопытам, знаёмім з культурай свайго роднага краю, мноства ўражанняў, прыемна, што сучаснікі цікавяцца спадчынай, – расказала Вольга Уладзіміраўна.


Свае наведвальнікі на кожнай тэматычнай пляцоўцы: «Літаратурнае сузор’е Клічаўшчыны» цэнтральнай бібліятэкі, «Бацькоўскія скарбы» краязнаўчага музея, на выстаўцы-продажы сувенірнай прадукцыі РЦСАН. Раздольна і цікава на свяце і дзятве. На вясёлую спартыўна-забаўляльную праграму рабят усіх узростаў сабраў Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Нямала гасцей склікала і прэзентацыя традыцыйных напіткаў «Асалода». Быў наладжаны і гандаль, дзе можна было купіць дзіцячыя цацкі, сувеніры, прадукты харчавання і іншае.


На двары было цёпла і сонечна, таму людзі актыўна набывалі розныя прысмакі ў павільёнах Клічаўскага раённага спажывецкага таварыства, тыя ж гарачыя шашлыкі з дымком, свежую выпечку ад кафе «Паўлінка» каледжа, адпачывалі ў вулічным кафэ. Сёлетні год – год 80-годдзя Вялікай Перамогі. Перш чым адкрыць фестываль, яго ўдзельнікі ўшанавалі памяць воінаў і партызан, якія змагаліся і перамаглі ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны, усклалі кветкі да памятнага знака на Цэнтральнай плошчы Клічава.


І вось гучаць фанфары ўрачыстага адкрыцця фестывалю «Кліч над Вольсай». Сустракаем гасцей! Адзін за другім па плошчы ідуць творчыя дэлегацыі Гомельскага раёна, гарадоў Дарагабуж і Шумячы з Расіі, з суседніх Кіраўска, Глуска, Асіповічаў і нашы землякі – народны вакальны ансамбль «Крыніца» і Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народный ансамбль народнай музыкі і песні «Жытніца». Сімвал фестывалю – Кліч, адроджаны з легенды, гукам сігнальнага рога адкрывае фестываль!


«Кліч над Вольсай» з кожным годам пашырае сваю геаграфію і запальвае новыя зоркі. Вось і сёлета ўпершыню ў фестывалі ўдзельнічае творчая дэлегацыя з Гомельшчыны! Новая адметнасць сёлетняга фэсту – адкрыццё карты геаграфіі фестывалю «Кліч над Вольсай». Прадстаўнікі творчых дэлегацый абазначаюць на ёй свой удзел у гэтым форуме мастацтва.


Удзельнікаў і гледачоў фестывалю сардэчна вітае намеснік старшыні райвыканкама Галіна ДАНІЛКІНА:
«Мы рады ўжо ў чацвёрты раз прымаць на Клічаўскай зямлі ўдзельнікаў фестывалю «Кліч над Вольсай»! Наш фестываль працягвае добрую традыцыю развіцця ўмацавання культурных сувязяў, абмену духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі, папулярызуе творчасць», – падкрэсліла Галіна Пятроўна. І пажадала фестывалю доб­рага шляху.


Лепшыя пажаданні фестывалю, міру, згоды і дабра пажадаў усім і настаяцель Дабравешчанскага храма пратаіерэй Сергій АНДРЭЕЎ.


Фестываль «Кліч над Вольсай» – гэта заўсёды россып талентаў, песні, музыка, танцы. Праграму «Гарэзлівы млын» з песняй «Клічаў-гарадок» адкрывае Заслужаны калектыў «Жытніца». І пачынаецца чароўная дзея! Па плошчы закружыў вялізны карагод, а гэта больш, чым танец. Гэта сімвал еднасці і сімвал дружбы. Усе сышліся ў карагодзе, узяўшыся за рукі ў знак нашых агульных традыцый, культуры, гісторыі і народных каштоўнасцяў. А песня – душа народа. Над Клічавам, над усёй зямлёй гучаць, разліваюцца народныя песні, то меладычныя, то жартоўныя, сумныя і вясёлыя, як само жыццё. Іх гледачам дораць, змяняючы на сцэне адзін другога, творчыя калектывы – удзельнікі фестывалю – ансамбль народнай песні і музыкі «Гамонка» Гомельскага раёна, народны вакальны ансамбль «Крынічанька» з Глуска, вакальная група «Задорынка» (пасёлак Шумячы), вакальны ансамбль «Алёнушка» (г. Дарагабуж»), нашы землякі – народны вакальны ансамбль «Крыніца», ансамбль «Родныя напевы» (г. Кіраўск), Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай песні «Вязанка» (г. Асіповічы).


І вось прыйшоў час знаёміцца з гісторыяй народнага касцюма. Таму асобая старонка фестывалю – «Крос­ны». Самабытную калекцыю этнаграфічных касцюмаў свайго рэгіёну прадстаўляюць на фестывальнай сцэне калектывы з Асіповічаў, пасёлка Шумячы, г. Дарагабужа. А затым усіх закружыў у сваёй віхуры народны перапляс! Артысты з асіповіцкай «Вязанкі», гомельскай «Гамонкі», ансамбля «Старапляс» з Дарагабужа запрасілі ўсіх у «Клічаўскі карагод»! І ўжо ўсе разам развучвалі, танчылі «Польку-бабачку», «Суботу», вясельны танец «Печанае парася», «Падэспань», «Ойру» і мноства іншых танцаў! І вось заключныя акорды фестывалю. Удзельнікаў свята вітае, шчыра дзякуе ім загадчык сектарам культуры райвыканкама Анастасія ШАЛАЙ і запрашае ўсіх прыняць удзел у юбілейным, пятым фестывалі будучага года «Кліч над Вольсай-2026».


Урачыста, па-добрасуседску цёпла і сардэчна прайшлі ўрачыстасці ўзнагароджвання ўдзельнікаў фестывалю. Гучалі словы падзякі, найлепшых пажаданняў, арганізатары і ўдзельнікі абменьваліся памятнымі падарункамі, і было зразумела – фестываль прайшоў на высокім узроўні, міжнародным творчым сувязям толькі мацнець! Адзін з арганізатараў фестывалю «Кліч над Вольсай» Уладзімір ВААКС выказаў агульную думку: «Наш фестываль аб’ядноўвае, дапамагае захаваць самабытнасць народнай культуры малых гарадоў. Пажадаем яму і яго ўдзельнікам творчых поспехаў і адкрыццяў, новых гарызонтаў. Няхай «Кліч над Вольсай» развіваецца, пашырае свае межы, прыцягвае ўсё больш таленавітых удзельнікаў і зацікаўленых гледачоў!»

Тэкст і фота: Ніна ІЗОХ.

Последние новости

Праздники

Поздравление с Рождеством от члена Совета Республики Национального собрания Республики Беларусь

25 декабря 2025
Читать новость
Праздники

Поздравление с рождеством от председателя Могилёвского облисполкома и председателя областного Совета депутатов

25 декабря 2025
Читать новость
Ветераны

Активисты районной ветеранской организации поздравили пожилиых граждан с наступающими праздниками

24 декабря 2025
Читать новость
НОВОСТЬ ДНЯ

Деды Морозы и Снегурочки заполнили улицы Кличева

24 декабря 2025
Читать новость
НОВОСТЬ ДНЯ

«Мы должны им предъявить счет». Лукашенко об ответственных за геноцид белорусского народа 

24 декабря 2025
Читать новость
Благотворительность

Акция «Дари добро — стань Дедом Морозом» проходит в районе

24 декабря 2025
Читать новость