Беларусь – мая песня

Беларусь – мая песня

Па зямлі Беларусі крочыць рэспубліканскі фестываль «Беларусь – мая песня». Кожны рэгіён паказвае ў Палацы Рэспублікі свае лепшыя таленты.

У мінулую пятніцу, 31 мая, на галоўнай сцэне краіны выступілі артысты Магілёўшчыны. У гала-канцэрце мастацкай творчасці Магілёўскай вобласці «Натхненне Радзімай» удзельнічалі 1200 чалавек – сольныя выканаўцы і творчыя калектывы, прафесійныя акцёры і ўдзельнікі хараэграфічных студый.
Сярод іх – Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамль народнай музыкі і песні «Жытніца» Арэхаўскага СДК і ўзорны фальклорны калектыў «Купалачка» ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Клічава». Адразу два творчыя калектывы Клічаўшчыны на сцэне Палаца Рэспублікі – гэта пачэсна і ганарова!


Як і заўсёды на такіх значных форумах мастацтва, для гасцей падрыхтавалі мноства сюрпрызаў. У фае гледачоў сустракала тэматычная выстава, на якой кожны раён Прыдняпроўскага края прадставіў элементы нематэрыяльнай спадчыны. Клічаўскі раён у гэтым рэспубліканскім праекце расказаў аб брэндах нашай зямлі – рэгіянальным фестывалі традыцыйных культур малых гарадоў
«Кліч над Вольсай» і «Клічаўшчына партызанская». Абедзьве экспазіцыі былі падрыхтаваны з удзелам работнікаў раённага Дома культуры і краязнаўчага музея, тэмы былі аднолькава цікавыя для шматлікіх наведвальнікаў. Іх сустракаў КЛІЧ з сівой легенды (ад яго і назва нашага горада), а аб фестывалі расказвалі фотаздымкі, узнагароды, розныя сувеніры, вырабленыя таленавітымі майстрамі Клічаўскага раённага Дома рамёстваў.


Сёлета адзначаецца 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта тэма чырвонай ніткай прайшла і праз выстаўку нашага раёна. Наведвальнікаў у ваеннай форме сустракаў камандзір партызанскага атрада, у экспазіцыі – макет партызанскага лагера, экспанаты, копіі дакументаў з фондаў краязнаўчага музея, тэматычныя керамічныя сувеніры «Усакіна» і ншае. Аб
Клічаўшчыне партызанскай апавядаў і асобны раздзел агульнай экспазіцыі вобласці, дзе былі прадстаўлены сувеніры, прадукцыя з сімволікай да 80-годдзя вызвалення, кніга «Астравы памяці» аб партызанскай барацьбе з фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі і баявым шляху атрада
спецыяльнага прызначэння «Слаўны».


І вось фанфары свята! На сцэне – феерыя талентаў, цудоўны, неверагодны калейдаскоп музыкі, вакалу, харэаграфіі, тэатра, усіх жанраў мастацтва. І ўсё гарманічна, прадумана і разлічана да дробезяў, адзін тэматычны блок арганічна пераходзіць у другі – у іх адлюстравана багацце прыроды любай Беларусі, унікальная і шчодрая беларуская народная спадчына, россыпы талентаў дзяцей і моладзі, наша любоў і адданасць Айчыне.

Асобная тэма – тэма Вялікай Айчыннай вайны, яна наша боль і памяць, яна ў нашых сэрцах. Магутны талент артыстаў і рэжысёраў – на сцэне ажываюць тыя страшныя падзеі. Аб сваіх родных, сведках і ўдзельніках вайны вядуць аповед іх нашчадкі з розных куточкаў Магілёўшчыны. Аб сваім прадзедзе франтавіку- сувязісту Міхаілу Давыдавічу Фельдмане расказвае і клічаўская дзяўчынка – сямігадовая Соф’я КУНЦЭВІЧ. У іх сям’і вайна пакінула крывавы след – фашысты растралялі 17 чалавек… Памяць жыве ў кожнай беларускай сям’і.
У мерапрыемстве прымаў удзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА. Ён адзначыў, што са сцэны Палаца Рэспублікі пад час канцэрта паказана самабытнасць, унікальнасць нашага Прыдняпроўскага края. Кожны сцэнічны нумар – гэта старонка нашай гісторыі, дзе, на жаль, ёсць горыч, ёсць боль. Але ёсць перамогі і дасягненні. «Усё, што мы робім на Магілёўшчыне, мы робім ад душы і з любоўю. І так будзе заўсёды!», – падкрэсліў кіраўнік вобласці.

АБ ФЕСТЫВАЛІ – З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ
Галіна ДАНІЛКІНА, намеснік старшыні Клічаўскага райвыканкама:
– У Мінску на мерапрыемствах фестывалю прымала ўдзел і дэлегацыя Клічаўскага раёна, усяго 40 чалавек. Гэта прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, члены працоўных калектываў і моладзь. Мы прывезлі з сабой сімволіку Рэспублікі Беларусь і Клічаўскага раёна, з залы гледачоў, як і ўсе дэлегацыі раёнаў, горача падтрымлівалі артыстаў, падпявалі ім у вядомых кампазіцыях. Эмоцыі ад фестывалю перапаўняюць, канцэрт Магілёўскай вобласці выклікае вялізны гонар за наш таленавіты Прыдняпроўскі край. Міру і працвітання табе, Магілёўшчына!

Уладзімір ВААКС, загадчык сектрам культуры райвыканкама:
– Выступленне на галоўнай канцэртнай пляцоўцы краіны ў Палацы Рэспублікі для нас – артыстаў «Жытніцы» і «Купалачкі» – падзея па-сапраўднаму радасная і доўгачаканая. Гэта магчымасць заявіць аб сабе на ўсю краіну. Вельмі прыемна, што ў вялізнай палітры мастацтва Магілёўшчыны знайшла адлюстраванне і творчасць двух клічаўскіх калектываў. Мы былі рады прадставіць на рэспубліканскім фестывалі і брэнды края – фестываль «Кліч над Вольсай» і «Клічаўшчына партызанская». Гэта адкрывае вялікія творчыя перспектывы.

Кацярына ЛАПКО, удзельніца ўзорнага фальклорнага калектыву «Купалачка»:
– Эмоцый ад фестывалю безліч: усё-такі ўпершыню выступалі на сцэне Палаца Рэспублікі! Наш калектыў вялікі, а ў Мінску выступала яго частка – 24 чалавекі. Было шмат хваляванняў, бо глядач жа сталічны, на сцэне важнае кожнае слова і кожны рух. Мы доўга рыхтаваліся да гэтага гала-канцэрта, шмат займаліся дома, ездзілі на рэпетыцыі ў Магілёў, затым – у Мінск. Мы вельмі стараліся паказаць усё, чаму вучылі нашы выдатныя педагогі. Кажуць, што ўсе мы выступілі годна. Мы рады і гэта поспех. Ад імя ўдзельнікаў «Купалачкі» і нашых бацькоў вялікае, шчырае дзякуй нашаму любімаму педагогу Наталлі Васільеўне КОКТЫШ. І за яе талент, і за цеплыню, клопат аб нас, сваіх вучнях.

Рэспубліканскі фестываль «Беларусь – мая песня» працягваецца. Крыху пазней, 19 чэрвеня, на роднай пляцоўцы спяюць артысты з Мінска. А завершыцца фестываль маштабным музычным шоў усіх рэгіёнаў у Дзень Незалежнасці на галоўнай святочнай сцэне сталіцы.

Тэкст і фота: Ніна ІЗОХ.

Последние новости

Актуально

Оставь свой след в истории

20 декабря 2024
Читать новость
Прямые телефонные линии

Прямые телефонные линии

20 декабря 2024
Читать новость
Изучаем мнение населения

Горячая линия

20 декабря 2024
Читать новость
ОБРАЗОВАНИЕ

В руках молодёжи – будущее науки

20 декабря 2024
Читать новость
Интервью

Виды на спорт и туризм

20 декабря 2024
Читать новость
СОБЫТИЯ

Новоселье накануне Нового года

20 декабря 2024
Читать новость