Клічаўшчына гуляла масленіцу. Распавядаем, як гэта было

Песенна і музычна было ў Клічаве ў мінулую суботу. Тут шумела- разлівалася народнае гулянне «Шырокая Масленіца»!
У гэты дзень сама прырода была ў еднасці з людзьмі – мароз адступіў, а ў небе ярка і шчодра ўсміхалася сонейка. Клічаўляне і госці горада цэлымі сем’ямі спяшаліся на свята, каб усе разам Зіму праводзіць – Вясну сустрэць!
З самай раніцы на Цэнтральнай плошчы горада кіпеў гандаль. Клічаўскае раённае спажывецкае таварыства запрашала ў свае павільёны, вулічнае кафэ, дзе прапаноўваліся бліны і ўсялякая смаката, вабілі духмяным пахам шашлыкі, што тут жа гатаваліся на мангале і паступалі ў продаж. Як заўсёды на «ура» ішла кулінарная выпечка магазіна «Паўлінка» аграрна-тэхнічнага каледжа. Пакупнікоў усіх узростаў запрашалі да сябе, прапаноўвалі ўсяго безліч мясцовыя і гарадскія прыватныя прадпрымальнікі. Радавалі, стваралі ўсім святочны настрой калектывы ўсіх ўстаноў культуры раёна – выставай страў нацыянальнай беларускай кухні. А галоўная страва, вядома, – бліны, сімвал Масленіцы, сонца і пяшчоты. Вось ужо, сапраўды, крэатыву тут не было межаў! Бліны – з дзесяткамі начынак, мясных і салодкіх. Напрыклад, Максімавіцкі СДК запрашаў не толькі на бліны з пылу-жару, але і сала жадаючыя самі пяклі на прутку на вогнішчы! А работнікі раённага Дома культуры частавалі ўсіх блінамі з тварагом, мёдам, варэннем – ласаваліся ўсе, і дзеці, і дарослыя!
А тым часам на Цэнтральнай плошчы горада разгортваецца маляўнічая дзея, усім клічаўлянам шыкоўны падарунак – фальклорнае свята «Масленічны карагод» дораць навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў г. Клічава. Вясёлка фарбаў святочных нацыянальных строяў, гульні, забавы, масленічныя абрады, танцы і сам «Карагод вялікі»! Вось так у Клічаўскім раёне адраджаюць народныя традыцыі Прыдняпроўя!
Гучаць урачыстыя акорды «Шырокай Масленіцы». Са сцэны, імправізаванай хаты, клічаўлян і гасцей горада на канцэртна-забаўляльную праграму запрашаюць талакой Скамарохі, Гаспадыня і іншыя персанажы. І сапраўды, Масленіца ў нас музычная і песенная! На сцэне адзін за другім змяняюцца творчыя калектывы раённага Дома культуры і сельскіх устаноў культуры, дораць гледачам свае песні, частушкі, прапануюць адгадаць загадкі, разам патаньчыць.
А на сцэне – урачысты момант! Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў раённых конкурсаў на лепшую масленічную ляльку «Сударыня Масленіца» і традыцыйных нацыянальных напіткаў, страў нацыяльнай кухні «Асалода». Паводле рашэння журы, пераможцам конкурсу «Сударыня Масленіца» прызнана шматдзетная сям’я Таццяны НОВІК з горада Клічава. На другім месцы – Запольскі СДК, на трэцім – Дзмітраўская сярэдняя школа.
У конкурсе «Асалода», у якім ўдзел прымалі сумесна калектывы клубных і бібліятэчных устаноў культуры, вынікі падведзены ў розных намінацыях. Усе пераможцы раённых конкурсаў адзначаны падарункамі і дыпломамі арганізатара – раённага Дома культуры, якія лепшым творцам уручыла Яўгенія ТРУШКО, дырэктар ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна».
Кульмінацыя свята – спальванне чучала Зімы. Скамарохі не дрэмлюць – і полымя ўмомант «аблізвае» яго. А вакол – музыка і песні, сталыя і юныя, людзі ўсіх узростаў водзяць вялізны масленічны карагод. Мы Зіму адпраўляем, Вясну-красну сустракаем! Прыдзі, вясна, прыйдзі, красна, прынясі збожжа, прынясі красак, прыйдзі да нас з радасцю, з вялікай да нас міласцю!









