Па старонках раённай газеты

Па старонках раённай газеты

Першы нумар Клічаўскай раённай газеты выйшаў у свет 28 лістапада 1931 года і з той пары раёнка заўсёды каля жыхароў. У гады Вялікай Айчыннай вайны наша раённая газета насіла назву «Голас партызана». Апошні нумар газеты пад такой назвай выйшаў 10 ліпеня 1944 года, а з 15 ліпеня 1944 года, пасля вызвалення Клічаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Клічаўская раёнка стала насіць назву «Сталінская праўда».
Сёння мы прапануем вам пазнаёміцца, аб чым пісалі журналісты ў год вызвалення Беларусі, 80 год назад, у раённай газеце.
УВАГА! Правапіс матэрыялаў, надрукаваных у 1944 годзе, захаваны!

АБ АДНАЎЛЕННІ СОВЕЦКАЙ УЛАДЫ ў РАЁНЕ

Пастанова Клічаўскага РК КП(б)Б і Раённага Выканаўчага Камітэта Савета дэпутатаў працоўных. Тры гады назад германскі фашызм, вераломна напаўшы на нашу квітнеючую радзіму, хацеў ператварыць народ нашай краіны ў сваіх рабоў. Тры гады беларускі народ гнуўся пад ярмом фашызма, не маючы права на адпачынак і матэрыяльна-эканамічнае благаўстройства. Нямецкія ізвергі гвалтоўна ўганялі моладзь і працаздольнае насельніцтва на катаргу ў Германію. Разбураны і знішчаны дзяржаўныя каштоўнасці і культура, спалены вёскі, дамы адпачынку, бальніцы, школы, клубы, хаты-чытальні, а лепшыя сыны беларускага народа дзесяткамі тысяч па звярынаму замучаны, растраляны і павешаны. Катаваннем і гвалтамі крывавы фа­шызм хацеў зламаць сілу нашага народа, але аказаўся бязсільным.
Прышоў доўгачаканы час поўнага выгнання фашысцкай гадзіны з нашай квітнеючай радзімы. Слаўныя воіны Чырвонай Арміі 28 чэрвеня гэтага года, уступіўшы на тэрыторыю нашага раёна, назаўсёды выгналі фашысцкіх ізвергаў, даўшы магчымасці прыступіць к мірнаму будаўніцтву і аднаўленню разбуранай гаспадаркі.
З гэтага часу адноўлена Савецкая ўлада ў раёне назаўсёды.
На аснове гэтага РК КП(б)Б і Райвыканком Совета дэпутатаў працоўных
ПАСТАНАЎЛЯЮЦЬ

  1. Усе пастановы, распараджэнні і законы, выданыя фашысцкімі ўладамі і камендатурамі на працягу трохгадовай нямецкай акупацыі, з гэтага часу губляюць усякую сілу закона.
  2. Поўнасцю ўступаюць у сілу ўсе законы і пастановы органаў Совецкай улады, як дзейнічаўшыя да пачатку вайны, так і выданыя за час вайны.
  3. Поўнасцю аднаўляюцца ўсе адміністрацыйныя, совецкія і гаспадарчыя ўстановы ў раёне – сельскія советы, калгасы, МТС, МТМ, бальніцы, школы, клубы.
  4. Усю агнястрэльную і халодную зброю, як замежную, так і
    айчынную, калі на нашэнне такой няма дазволу, а таксама боепрыпасы і другую ваенную маёмасць у 15-дзённы тэрмін здаць мясцовым уладам – сельскім советам.
  5. Забараніць спекуляцыю і самагонакурэнне ў раёне.
  6. Даную пастанову давесці да ўсіх працоўных раёна.
    САКРАТАР КЛІЧАЎСКАГА РК КП(б)Б П. ВІКТОРЧЫК.
    СТАРШЫНЯ РАЙВЫКАНКОМА
    СОВЕТА ДЭПУТАТАЎ ПРАЦОЎНЫХ В. МОРДАС.
    29 чэрвеня 1944 года.

«Голас партызана» №7 ад 10 ліпеня 1944г.

Першы гудок

Прыйшлі немцы і замёрла жыццё. Памёрла і чыгунка, што праходзіць па тэрыторыі нашага раёна. Тры гады з сумам глядзелі людзі на мёртвае чыгуначнае палатно, на разбураныя масты, разварочаныя рэльсы. Тры гады чакалі людзі таго светлага дня, калі сталёвыя рэльсы зноў загудуць пад цяжарам цягнікоў, калі вольны беларускі вецер зноў весела зашуміць у туга нацягнутых тэлеграфных правадах.
Гэты дзень настаў. Досвіткам калгаснікі вёсак, прылягаючых да чыгункі, былі разбуджаны моцным гудком цягніка. Цягнік бег наперад у клубках пары і па лясах і палях рэха разносіла магутны гуд, які абвяшчаў аб новай перамозе совецкіх людзей. Жанчыны, старыя, дзеці высыпалі на вуліцы, прыслухоўваліся да гэтага знаёмага, але даўно нячутага голасу, і вочы іх блішчэлі. Так. Вярнулася роднае жыццё. Ажыла чыгунка. І ў гэтым не малая заслуга калгаснікаў нашага раёна, якія многа і добра папрацавалі, каб зноў
пачуць родны гудок цягніка.
Алесь Снежны.

«Сталінская праўда»
№9 ад 20.07.1944 г.

Адкрываюцца ўрачэбныя ўстановы

Фашысцкія цемрашалы за час свайго трохгадовага гаспадарання ў нашым раёне разбурылі і знішчылі ўсе ўрачэбныя ўстановы.

Немцы закрылі і разграбілі багатую вялікую бальніцу ў вёсцы Бацэвічы. Адзін корпус яе гітлераўскія нягоднікі разабралі і атрыманай цэглай вымасцілі падлогу ў канюшні, дзе стаялі іх коні. Фашысты разграбілі маёмасць Клічаўскай амбулаторыі, а будынак яе спалілі. Разграблен і разбуран Клічаўскі радзільны дом, урачэбныя і фельчарскія ўчасткі ў сельсоветах.
Насельніцтва раёна было пазбаўлена ўсякай медыцынскай дапамогі. Многа лю­дзей хварэла эпідэмічнымі захворваннямі, занесеннымі немцамі. Фашысты наўмысля распаўсюджвалі сярод совецкіх людзей заразныя захворванні і многа людзей гінула не маючы магчымасці лячыцца.
Толькі з прыходам чырвонай Арміі пачало наладжвацца абслугоўванне насельніцтва. Зараз ужо адкрыты ўрачэбныя ўчасткі ў вёсках Змітраўка, Віркаў, Владзіміраўка і Бацэвічы. У остраўскім сельсовеце адкрыт акушэрска-фельчарскі медучас­так. Арганізавана дзяржаўная санітарная інспекцыя, а ў раённым цэнтры адкрыта санітарная супроцьэпідэмічная станцыя.
Ва ўрачэбных установах, адкрытых у раёне, працуе зараз 6 кваліфікаваных урачоў, 5 фельчараў, 15 медсясцёр. У хуткім часе раённым аддзелам аховы здароўя будзе праводзіцца прывіўка супроць воспы. Ужо цяпер праходзіць праверка вёсак для выяўлення насельніцтва, хворага тыфам. Усе выяўленыя тыфозныя хворыя будуць змяшчацца ў бальніцы для лячэння.
Н. Семак, заг. райаддзела аховы здароўя.

«Сталінская праўда»
№8 ад 15.07.1944г.

У №26 ад 19.10.1944г. «Сталінская праўда» надрукавала ліст, які прыйшоў ад нашага знакамітага земляка Івана Ваганава.

Нашы землякі на фронце гераічна б’юць ворага. Працоўнымі подвігамі ў тылу дапаможам ім дабіць фашысцкую гадзіну!

Пісьмо камсамольцам

Дарагія таварышы! З вялікай радасцю даведаўся я аб вызваленні Чырвонай Арміяй Клічава. Асабіста мне не давялося ўдзельнічаць у баях па вызваленню роднай Беларусі. Але я таксама вызваляў Беларусь, знішчаючы фашысцкіх гадаў ля сцен Сталінграда, пад бранскам, у Прыбалтыцы. Радзіма ўзнагародзіла мяне ордэнам Чырвонай звязды і двума медалямі.
Як часта ўспамінаю я годы вучобы ў Клічаўскай СШ і работу ў камсамольскай арганізацыі. Там я набыў вопыт кіраўніцтва камсамольскай арганізацыяй, там у мяне былі закладзены асновы баявой дружбы, любві да Радзімы і нянавісці да ворага.
Як камуніст, як выхаванец вашай камсамольскай арганізацыі я зварочваюся да камсамольцаў і моладзі Клічава: усе свае сілы, усю энергію – на аднаўленне разбуранай немцамі гаспадаркі! Усё для фронта!
Блізак той дзень, калі над нашай Радзімай прагрыміць салют канчатковай перамогі.

З прывітаннем І. Ваганаў.

Последние новости

Безопасность

Деньги похищают онлайн

26 ноября 2024
Читать новость
ИМНС информирует

Вниманию налогоплательщика!

26 ноября 2024
Читать новость
НОВОСТЬ ДНЯ

Па старонках раённай газеты

26 ноября 2024
Читать новость
Земляки

Успех независим от возраста

26 ноября 2024
Читать новость
НОВОСТЬ ДНЯ

У профсоюзов – особая роль и ответственность

26 ноября 2024
Читать новость
Общество

А у нас капремонт!

26 ноября 2024
Читать новость