Я з вогненнай вёскі…

Я з вогненнай вёскі…

Раскінула свае вуліцы на самым ускрайку лесу вёска Усакіна. Шмат падзей у яе амаль 300-гадовай біяграфіі. Але, мабыць, самыя трагічныя з іх звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. Некалькі разоў палілі вёску-партызанку акупанты, расстрэльвалі жыхароў за дапамогу партызанам, асноўныя базы якіх знаходзіліся ў лясной Цераболі. І праз шмат гадоў пасля вайны – толькі закрані памяць людскую – яна перанясе цябе ў той трагічны час, і абрынецца столькі гора і болю!


У 70-я гады да ўсакінцаў завіталі беларускія пісьменнікі Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, якія збіралі матэрыялы для будучай кнігі. З 1970 па 1973 год пісьменнікі праехалі па Беларусі, пабывалі ў сотнях спаленых вёсак, апыталі і запісалі на магнітафон больш за трыста сведкаў вайны і трагедый, якія здарыліся ў ваенны час. Гэтыя апавяданні леглі ў аснову дакументальнай кнігі “Я з вогненнай вёскі”, якая выйшла ў 1975 годзе асобным выданнем.
На старонкі кнігі «Я з вогненнай вёскі» трапілі дзве гісторыі з Клічаўскага раёна. Агрыпіна і Емяльян ЦМЫГ распавядалі аб трагедыі вёсак Вязень і Сялец, Макар ЗАЯЦ – аб сваёй сямейнай трагедыі. Жыхарам Клічаўшчыны было пра што расказаць. Нясхільны партызанскі раён у сваіх лясах хаваў партызанскія атрады Магілёўскай вобласці і адпраўляў іх у бой, прымаў самалёты з Вялікай зямлі, друкаваў у лясных друкарнях лістоўкі і газеты, адбіваў у блакадных баях новыя рубяжы, хаваў у брацкіх магілах загінуўшых партызан, аплакваў мірных жыхароў, знішчаных акупантамі.
Кніга, перакладзеная на дзясяткі моў, ускалыхнула свет: яе чыталі на ўсіх кантынентах, жахаючыся ад фашысцкіх зверстваў. Аўтары не правілі запісаны тэкст, не «шліфавалі» яго, пакінулі так, як казаў вясковы люд, і ад гэтага ствараецца поўная ілюзія прысутнасці герояў кнігі, колькі б ні прайшло дзесяцігоддзяў!


У 2025 годзе легендарнай кнізе споўніцца 50 год. Пайшлі з жыцця яе аўтары і многія яе героі – простыя людзі, на долю якіх выпала столькі гора. Але памяць аб іх, памяць аб вялікай чалавечай трагедыі, перадаецца з пакалення ў пакаленне. Перагорнеш некалькі старонак – і зноў гучаць галасы дарослых і дзяцей, якіх абпаліла вайна.


Жыхары вёскі-партызанкі Усакіна расказалі пісьменнікам некалькі гісторый з ваеннага мінулага. Але адна, зусім незвычайная, проста не магла застацца без увагі літаратараў. Яе можна было б назваць амаль як у казцы: «Як вясковы волат Макар адным ударам ворага прыбіў», калі б не страшная трагічная прадгісторыя гэтай падзеі.


Калі гэта было? У першыя дні акупацыі? Падчас адной са шматлікіх блакад? Розныя вясковыя сведкі сцвярджаюць па-рознаму. Але гэта не так і важна, бо вёска Усакіна, знаходзячыся на мяжы партызанскага лесу, аўтаматычна заўсёды лічылася партызанскай.


…У адзін з летніх дзён варожая зграя наляцела ў вёску. Мясцовы здраднік шапнуў новай уладзе, што жыхар вёскі Макар Заяц употай дапамагае «бандытам», якія схаваліся ў лесе. І наступіла расплата. Пераказваць гэта невыносна балюча, таму прывядзём вытрымку з кнігі Алеся Адамовіча.
«Пытанне: – У вас сям’я вялікая была? – Чацвёра дзяцей і жонка. І ўсіх нас забралі. Яшчэ ў лесе людзей забралі: прачоска ў лесе была. Сталі расстрэльваць. Мяне б’юць: – Вядзі, дзе партызаны! Вядзі, куды вы бандытам есці вазілі! Завядзеш – будзеш жыць! Не завядзеш – расстраляем!
Вось я іх на край поля прывёў, і няма куды мне круціцца… Немец б’е мяне… А я ўсё не даваўся; як ён замахнецца, немец, дык я ў бок, у бок … А потым па патыліцы мяне як ударыў – я ўпаў. Тут жа і сям’я мая разам. Бяруць дзіця і расстрэльваюць. – Вось завядзеш – гэтых не будзем страляць!… А я ведаю, што як завяду – больш чужой крыві нап’юся, чым маёй разальюць. Я не павёў…».
Жонку і трое дзяцей Макара расстралялі, цудам удалося выратавацца толькі старэйшаму Сашу. Яго ж самога два немцы павялі далей у лес, спадзяючыся, што ён не вытрымае здзекаў і выдасць партызан. Макар ішоў, аглушаны бядой, амаль не ўсведамляючы таго, што адбываецца.
А далей падзеі атрымалі нечаканы паварот. Макар нават па вясковых мерках лічыўся асілкам, быў на галаву вышэйшы за ўсіх сельскіх жыхароў. Азірнуўся ён, змераў вачыма кволага немца з аўтаматам – і такая нянавісць і прага помсты ўдарыла ў галаву!


«Немец мне аўтаматам р-раз у плечы. А я… павярнуўся, ды як ударыў яму ў твар, дык ён зваліўся на траву і аўтамат адляцеў. Я за аўтамат і – шарах! – яго застрэліў, а сам кінуўся ў лес. Другі фашыст кінуў гранату, але ніводны асколак мяне не зачапіў».


Пачалася такая паніка, што Макар, які дасканала ведаў навакольныя лясы, паспеў схавацца. Калі схлынула бяда, забітых сяльчан пахавалі на вясковых могілках, а Макар падаўся ў партызанскі атрад. Страшна было заставацца ў вёсцы, тут усё напамінала аб нечалавечай трагедыі. Потым, у 1944-м, былі ваенныя франтавыя дарогі і вяртанне сюды, у родную вёску Усакіна.


У 1946 годзе жыццё аб’яднала ў новую сям’ю Макара Зайца і ўдаву з суседняй вёскі Любу. Працавалі ў мясцовым калгасе, гадавалі дзяцей і стараліся не ўспамінаць трагічныя падзеі мінулага.
Пайшоў з жыцця Макар Заяц у 1982-м годзе. Яго пахавалі на Усакінскіх могілках побач з магілкай першай жонкі і траіх дзяцей.


А кніга «Я з вогненнай вёскі» з дарункавым подпісам аўтараў як сямейная рэліквія захоўвалася ў сям’і дзяцей і ўнукаў Макара. І вось цяпер, у сёлетнім кастрычніку, у рэдакцыю газеты «СБ. Беларусь сёння» завітаў унук Макара Зайца Алег ПРОХАРАЎ, жыхар Мінска, маёр запасу ВПС, былы ўдзельнік баявых дзеянняў у Анголе, Эфіопіі, Афганістане і іншых рэгіёнах. У саюзе з супрацоўнікамі краязнаўчага музея і пошукавай групы «Ольса», карэспандэнтам «СБ» Алегам УСАЧОВЫМ была падрыхтавана публікацыя. Ізноў ажыла гісторыя, ажылі старонкі кнігі, загучалі галасы герояў зборніка Алеся Адамовіча. І ўсё дзеля таго, каб ніхто ніколі не мог больш сказаць: «Я – з вогненнай вёскі».

Лідзія Ачыновіч, навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея.

Последние новости

Общество

Содержите электроустановки в общежитии в исправном состоянии

29 октября 2024
Читать новость
Общество

Исправные электроустановки в вашем доме залог вашей безопасности

29 октября 2024
Читать новость
Общество

Вниманию налогоплательщика! Инспекция Министерства по налогам и сборам по Могилевской области напоминает

29 октября 2024
Читать новость
НОВОСТЬ ДНЯ

Дорогие наши старшие друзья!

29 октября 2024
Читать новость
Праздники

Уважаемые комсомольцы всех поколений, ветераны комсомольского движения, дорогие друзья!

29 октября 2024
Читать новость
Официально

Работа потребкооперации нуждается в совершенствовании

29 октября 2024
Читать новость