«Кліч над Вольсай» зноў сабраў сяброў

«Кліч над Вольсай» зноў сабраў сяброў

«Глушанскі хутарок» на Бабруйшчыне, «Дрыбінскія таржкі» у Дрыбіне, «Рыцарскі фэст» на Мсціслаўшчыне… А культурная візітоўка нашай любай Клічаўшчыны – «Кліч над Вольсай!»

У мінулую суботу Клічаў стаў культурнай сталіцай рэгіёна. III фестываль традыцыйных культур малых гарадоў «Кліч над Вольсай 2024» сабраў мноства таленавітых і знакамітых гасцей – творчыя калектывы Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай абласцей, Расійскай Федэрацыі, а таксама здатных рамеснікаў, майстроў народнай творчасці.

Але святочны дзень з самага ранку на цэнтральнай плошчы Клічава распачаў раённы этап рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». У ім прымалі ўдзел маладыя шматдзетныя сем’і раёна. Каб заваяваць тытул «Уладар сяла», яны зараней доўга рыхтаваліся. Таму арыгінальна і грунтоўна прадставілі сябе на конкурсе «Лепшы сельскі падворак», пад час якога расказалі аб сабе ў «Візітоўцы», на выстаўцы дасягненняў сямейнай гаспадаркі. Напрыклад, Сяргей і Юлія ГРУЗД з аграгарадка Нясята, якіх усе ведаюць як моцных і дбайных гаспадароў, нават прывезлі з сабой «прадстаўнікоў» сваёй вялізнай хатняй гаспадаркі – пеўня, качку, труса. А колькі пачастункаў на святочны стол прыгатавалі, а як цікава расказалі і аб сабе, і аб усіх сваіх чатырох дзетках!

Сям’я Сяргея і Інны ТАРЭЛКА з а/г. Бацэвічы таксама падышла да конкурсу творча. Сваю сям’ю разам з дзецьмі – дзвюма дачушкамі і сынам – прадставілі творча, з размахам. Толькі дыпломаў аб сваіх дасягненнях прадэманстравалі цэлы стос. Аб сваёй сям’і расказалі вершавана, падкрэслілі: «У нас няма слова «Я», Тарэлкі дакладна разумеюць, што галоўнае – сям’я»!

А далей усе сем’і даказалі, што яны – адна каманда, адно цэлае, добра разумеюць адзін аднаго, разам могуць справіцца на «ўра» з любой справай. На хуткасць (журы з секундамерам замервала) яны пілой-двуручкай пілілі палена, затым муж калоў дровы, а жонка іх акуратненька складвала. У спартыўнай эстафеце мужчыны сваіх любых вазілі на садовай тачцы, філігранна праходзілі фігурнае ваджэнне. А затым ваду чэрпалі, на каромысле вядзерцы пераносілі, таты замест маці лялькі спавівалі, а жонкі – «жалезныя ледзі» – цвікі майстарскі ў калоду забівалі! З усім справіліся! І ўсё весела, азартна, моладзь жа! Конкурс надаў гледачам цудоўнага настрою, але журы прадстаяла цяжкая задача – хто ж лепшы?!

А на цэнтральнай плошчы тым часам разгортвалася-кіпела свята! Працавала безліч пляцовак: «Клічаўскія майстравыя» (выстаўка-продаж вырабаў традыцыйных рамёстваў удзельнікаў фестывалю «Горад майстроў», выстаўка-продаж сувеніраў прадукцыі РЦСАН, праходзілі майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву), працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі і фотазоны: «Пісьменнікі роднага краю» цэнтральнай бібліятэкі, «Ад прадзедаў спакон вякон» Клічаўскага краязнаўчага музея, дзіцячая пляцоўка з надуўнымі атракцыёнамі, аквагрымам, дзіцячым лабірынтам, спартыўна-гульневай праграмай Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, сваіх прыхільнікаў знайшла і прэзентацыя традыцыйных напіткаў «Асалода».

Бойка ішоў шырокі гандаль, які вялі не толькі Клічаўскае раённае спажывецкае таварыства, але і прыватныя прадпрымальнікі. Прысмакаў было нямала, на любы густ і кішэню. Асабліва парадавалі клічаўскія хлебапёкі – прыгатавалі найсмачнейшыя, прыгожыя святочныя караваі з тэматычным надпісам – «Да 100-годдзя раёна», якое мы адзначым ужо 17 ліпеня. Іх куплялі з задавальненнем, бо няма выпечкі больш смачнай, чым наша з «чыстай этыкеткай», дзе мінімум дабавак у параўнанні з канкурэнтамі.

І вось над абшарам роднай зямлі гучаць фанфары адкрыцця фестывалю «Кліч над Вольсай»! На цэнтральнай вуліцы горада разгортваецца ўрачыстае шэсце творчых дэлегацый рэгіёнаў – гасцей свята. Кожную з іх вітаюць, гасцінна сустракаюць, прадстаўляюць з галоўнай фестывальнай сцэны. Адзін за другім перад гледачамі праходзяць творчыя калектывы з Бешанковічаў Віцебшчыны, Дарагабужа і Шумяч – Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі, суседніх Кіраўска, Быхава, Глуска Магілёўшчыны, Любані Мінскай вобласці і нашай роднай Клічаўшчыны – Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі і песні «Жытніца» і ўзорны фальклорны калектыў «Купалачка»!

Узрадзіўшыся з сівой легенды, наш Кліч гукам сігнальнага рога склікае ўсіх сяброў, суседзяў, землякоў на фестываль. Удзельнікаў свята і гасцей, гледачоў вітае Галіна ДАНІЛКІНА, намеснік старшыні райвыканкама.

Шырокае, яркае, відовішчнае свята разгортваецца на галоўнай сцэне. Свае песні, музыку, агнявыя танцы адзін за другім дораць гледачам творчыя калектывы – госці фестывалю. І кожнае выступленне не падобна на папярэднее, бо артысты прадстаўляюць свае малыя гарады, а гэта і адметная мова, фальклор мясцовы, танцы побытавыя, народныя строі – усё адметнае. Адно, шыкоўны і непаўторны россып талентаў!

Свята ідзе сваім парадкам. На сцэне – адзін з самых хвалюючых момантаў – урачыстае абвяшчэнне вынікаў конкурсу «Уладар сяла». Галіна Данілкіна агучвае імёны яго пераможцаў – гэта сям’я Сяргея і Інны Тарэлкаў з а/г. Бацэвічы, і ўручае пераможцам і ўдзельнікам конкурсу Дыпломы і падарункі.

Фестываль працягваецца і запрашае ўсіх акунуцца ў гісторыю народнага касцюма. Усе творчыя калектывы – удзельнікі фестывалю ярка і маляўніча прадстаўляюць калекцыі народных касцюмаў свайго рэгіёну, беларускія і рускія, знаёмяць з арнаментамі, вышыўкай, прадметамі строяў, апавядаюць аб традыцыях, звычаях, абрадах свайго края. Яны ўражваюць сваім каларытам, багаццем фарбаў, адкрываюць многія невядомыя старонкі мастацтва і фальклору.

А якое свята без танцаў?! На фестывалі ў Клічаве іх быў цэлы марафон – марафон бытавых танцаў. У ім умясціліся дзясяткі агнявых танцаў з Беларусі і Расіі, усім вядомыя і не вельмі. Бо, напрыклад, толькі ансамбль танца «Старапляс» з горада Дарагабужа мае ў рэпертуары больш за 30 бытавых танцаў Смаленскай, Маскоўскай, Валгаградскай, Белгародскай, Пермскай абласцей Расіі, а колькі ж танцаў у нашай сінявокай Беларусі?! Танчылі ад душы і артысты, і гледачы, сышліся разам руская «Матаня» і «Картузэ», беларуская «Лявоніха» і «Полька», закружылі, затупацелі сотнямі ног, весялосць – на ўвесь Клічаў!

І вось заключныя ўрачыстасці фестывалю. На галоўнай сцэне праходзіць цырымонія ўзнагароджвання яго ўдзельнікаў. Загадчык сектарам культуры Клічаўскага райвыканкама Уладзімір ВААКС ад душы дзякуе ўсім творчым дэлегацыям фестывалю, асобным калектывам, майстрам народнай творчасці, рамеснікам і ўручае ўзнагароды – Дыпломы фестывалю і памятные падарункі ад Клічаўскай зямлі.

«Мы будзем рады, дарагія сябры, зноў вітаць вас на нашым фестывалі «Кліч над Вольсай», – гаворыць Уладзімір Георгіевіч. – Мы спадзяемся, што наш фестываль і надалей будзе служыць умацаванню міжнародных культурных сувязяў, папулярызаваць песенныя, музычныя і танцавальныя традыцыі малых гарадоў, паслужыць абмену духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі».

А пасля ўсе разам артысты Беларусі і Расіі, дзвюх краін – сясцёр, выканалі гімн фестывалю «Кліч над Вольсай», а юныя артысты запусцілі ў неба рознакаляровыя шары – сімвол міра і дабра.

Працягвала свята выступленне спецыяльнага госця – вакальнага гурта «Чысты голас», які ўразіў усіх гледачоў. А пасля ўсе жадаючыя расфарбаваліся на «Красках Холи». Ад дзіцячых і дарослых усмешак нават сонца стала яшчэ ярчэй. Вядома ж, свята!

Да новых сустрэч, «Кліч над Вольсай»!

Тэкст і фота: Ніна ІЗОХ.

Последние новости

Лясная гаспадарка

ПЕЛЛЕТЫ – ЭФФЕКТИВНЫЙ СПОСОБ ОТОПИТЬ ЖИЛЬЁ

3 декабря 2024
Читать новость
РОВД информирует

О государственном учёте и эксплуатации гражданских беспилотных летательных аппаратов

3 декабря 2024
Читать новость
Молодёжь

День открытых дверей

3 декабря 2024
Читать новость
Безопасность

Интернет виртуален, ответственность – реальна

3 декабря 2024
Читать новость
Официально

Дружина к службе готова!

3 декабря 2024
Читать новость
Официально

Держать руку на пульсе времени

3 декабря 2024
Читать новость