У раёне

Нязгаснае святло бацькоўскай любові
З 14 па 21 кастрычніка ў раёне, як і па ўсёй Беларусі, праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові. У рамках яго арганізуецца мноства мерапрыемстваў, прысвечаных мацярынству і дзяцінству, адказнаму бацькоўству, умацаванню інстытута сям’і. У прыватнасці, краязнаўчы музей прымае ўдзел у рэспубліканскай акцыі «У музей усёй сям’ёй». У гэтыя дні тут прадугледжана скідка на ўваходны білет на экскурсію ў памеры 40% на кожны білет для сям’і. А шматдзетныя сем’і могуць наведаць музей бясплатна.
Шырока адзначаецца Тыдзень бацькоўскай любові і ва ўстановах адукацыі раёна. Так, 18 кастрычніка ва ўсіх школах Беларусі пройдзе адзіны ўрок «Цяпло бацькоўскай душы». Да Дня маці і Дня бацькі ў школах і дзіцячых садках аформлены інфармацыйныя стэнды, крэатыўныя фотазоны, праходзяць рэспубліканскія конкурсы малюнкаў па шэрагу тэматычных рубрык «Гісторыя маёй сям’і», «Мая сям’я – самая лепшая», а таксама інтарактыўныя спартыўныя гульні, конкурсы і шмат іншага.
Падрабязнасці – на інтэрнэт рэсурсах «Сцяга Саветаў».
Дарожнікі рыхтуюцца да зімы
На Клічаўшчыне ідзе работа па падрыхтоўцы аўтамабільных дарог да зімы. У ведамстве ЛДД-724 ДЭУ-72 РУП «Магілёўаблдарбуд» знаходзяцца 90 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння, якія размешчаны ў трох раёнах: Клічаўскім і мяжуючых з ім Кіраўскім і Быхаўскім. Гэта дарогі Р-79 Клічаў-Чачэвічы і Р-62 Чашнікі- Бобр-Бабруйск. З іх у нашым раёне праходзіць каля 75-ці кіламетраў. Прымаюцца ўсе захады, каб на гэтых аўтатрасах былі створаны бяспечныя ўмовы для руху транспарта, у тым ліку і ў зімовы час.
Як расказаў намеснік дырэктара УКП «Жылкамгас» Аляксандр КАВАЛЁНАК, клопат прадпрыемства – належны стан утрымання 290 вуліц, агульнай працягласцю больш як 211 кіламетраў, а гэта ўсе вуліцы Клічава і не транзітныя вуліцы сельскіх населеных пунктаў раёна. За сёлетні летні перыяд прадпрыемства правяло рамонт 9885-ці квадратных метраў дарожнага пакрыцця, у тым ліку асфальтабетоннага і гравійнага. На зімовы перыяд жылкамгасу неабходна назапасіць 500 тон пясчана-салянай сумесі для пасыпкі вуліц і дваровых тэрыторый шматпавярховак. У наяўнасці ўжо 80% сумесі ад неабходнага. Ёсць у прадпрыемстве і 19 адзінак снегаўборачнай тэхнікі.
Дарогі мясцовага значэння, а гэта амаль 523 кіламетры дарог з асфальтабетонным, гравійным пакрыццём, а таксама грунтовыя, абслугоўвае ДРБУ №126 філіял КУП «Магілёўаблдарбуд». Як расказаў яго начальнік Аляксей МАЛІК, на сёлетні зімовы перыяд прадпрыемству неабходна нарыхтаваць 3800 тон пясчана-салянай сумесі. Сёння пэўны запас яе ўжо створаны, работы па назапашанні працягваюцца. Пясок завозіцца з уласнага карьера «Біёрдскае», які прызначаны для здабычы гэтага карыснага выкапня. Соль жа пастаўляецца з прадпрыемства ААТ «Беларускалій». Для захоўвання супрацьгалалёднага матэрыялу прадпрыемства мае дзве стацыянарныя пляцоўкі «Маркаўшчына» і АБЗ «Турэц» (побач з асфальтабетонным заводам).
Практычна гатова да работы ў зімовых умовах і спецтэхніка. Ёсць 2 аўтагрэйдары, два МТЗ з прычапнымі грэйдарамі, 3 аўтамабілі МАЗ з адваламі для хуткаснай ачысткі пакрыцця ад снегу, пасыпачная тэхніка – аўтамабілі КАМАЗ і МАЗ – пяскараскідвальнікі, якія маюць і навясныя адвалы, таму могуць і чысціць дарогу ад снегу.
Зараз жа вядзём ямачны рамонт, прафіліраванне дарог і абнаўленне дарожных знакаў, – сказаў Аляксей Сяргеевіч.
Тэкст: Ніна ІЗОХ.