У раёне

Нарыхтоўкі – узаемная выгада
Дачакаліся! Пасля дажджоў у лесе пайшлі грыбы! У садах, хоць і не паўсюль, але спее ўраджай яблыкаў. Клічаўскае раённае спажывецкае таварыства ўжо прымае здатчыкаў дароў лесу і садавіны.
Як паведаміў Васіль РАБЦЭВІЧ, намеснік старшыні райста, закуп лісічак у насельніцтва вядзе прыёмна-нарыхтоўчы пункт прадпрыемства, што на станцыі Нясята. Пойдуць грыбы белыя (баравікі) і апёнкі, іх таксама тут будуць нарыхтоўваць.
На прыёмна-нарыхтоўчым пункце зараз закупліваюць і апад яблыкаў. Здаць іх можна і ў сельскія магазіны раённага спажывецкага таварыства. Калі збярэцца немалая партыя яблыкаў, то райста можа і прыехаць за прадукцыяй да здатчыка на дом. Варта аб тым зрабіць заяўку, нарыхтоўкі ж –выгада ўзаемная.
Лета звонкае, песеннае, музычнае
Лета – час адпачынку. Зрабіць яго цікавым для гараджан і вяскоўцаў імкнуцца работнікі культуры раёна. Так, у гарадскім парку па аўторках і чацвяргах з 14 да 16 гадзін працуе дзіцячая гульневая пляцоўка. Для дзяцей і падлеткаў тут арганізуюць спартландыі і разнастайныя гульневыя праграмы.
Па суботах у 17 гадзін у гарадскім парку збіраюцца аматары музыкі і песні на канцэрт выхаднога дня «Лета звонкае, спявай са мной».
На лета прыпадае нямала святаў вёсак. Багаты на іх і жнівень. Як паведамілі ў раённым Доме культуры, такія мерапрыемствы плануюцца: 12 жніўня – у аграгарадку Коўбча, 19-га, па даўняму звычаю на Яблычны Спас, – у аграгарадку Нясята, 26 жніўня – у аграгарадку Доўгае. Да святаў вёскі сёння рыхтуюцца як работнікі ўстаноў культуры сяла, іх самадзейныя калектывы, так творчы калектыў РДК.
Каб вада была смачнай, чыстай
У Беларусі пакуль няма праблем з забеспячэннем вадой. Для нас звыкла, што адкрыў кран, і з водаправода вада льецца, бяры, колькі патрэбна. Іншая справа яе якасць. Каб пітная вада была чыстай, празрыстай, смачнай і працуе сёння калектыў участка водаканалізацыйнай гаспадаркі г. Клічава і Клічаўскага раёна філіяла «Бабруйскі водаканал». Як паведаміў яго начальнік Анатоль ГРЫНЬКО, сёння асноўныя кадры і тэхніка ўчастка працуюць на двух буйных аб’ектах раёна. У вёсцы Акцябрск праводзяць перакладку водаправоднай сеткі на новую на ўчастку працягласцю ў 1 кіламетр.
І ў Клічаве па вуліцы Юбілейнай выконваюць такія ж работы, плануюць перакласці тут каля 600 метраў водаправода. Усе работы праводзяць уласнымі сіламі, аб’ёмы значныя, але плануюць справіцца з імі яшчэ да пачатку восені.
Ніна ІЗОХ.