«Песня роднай зямлі» на Клічаўшчыне
Творчасць магілёўскага пісьменніка Алеся Казекі вядома шырокаму колу чытачоў. Яго творы прымушаюць задумацца над сэнсам жыцця, месцы кожнага ў ім, становішчам у свеце, складанасцю і шматграннасцю чалавечага вопыту і ўзаемаадносін паміж людзьмі. Шмат твораў заснаваны на сапраўдных падзеях, маюць біяграфічны характар. Прататыпамі галоўных герояў з’яўляюцца не выдуманыя персанажы, а рэальныя, блізкія яму людзі. У кнігу «Песня роднай зямлі», якая выйшла ў свет два гады таму, увайшла не толькі лірыка, але і паэмы «Марыйка» і «Медуніца», паэтычныя апавяданні «Час сяўбы» і «Радоўка». Так, галоўная гераіня паэмы «Марыйка» – гэта маці паэта Марыя Восіпаўна, якая цудам пазбегла гібелі ў гады вайны. Яе сястра Вольга з двума малымі дзецьмі і брат Аляксандр загінулі разам з іншымі жыхарамі вёскі Боркі Кіраўскага раёна ў час карнай спецаперацыі штурмбанфюрэра Дзірлівангера 15 ліпеня 1942 года. Фашысцкія вылюдкі тады ажыццявілі адну з самых буйных карацельных аперацый, ушчэнт знішчылі разам з жыхарамі акрамя Борак яшчэ 6 вёсак, спалілі звыш 2000 мірных жыхароў, дарослых і дзяцей. 16-гадовая Марыя якраз у гэты дзень вырашыла наведаць сястру, але ў вёску, акружаную ворагам, яе не пусцілі. Гэта сямейная трагедыя легла ў аснову паэмы «Марыйка». Паэма – рэквіем па ўсім бязвінным ахвярам мінулай вайны, у якой аўтар заклікае задумацца аб сэнсе жыцця, любіць і аберагаць ад ворагаў сваю Радзіму, каб ніколі не паўтарыліся такія жудасныя трагедыі.
Сёлета на Магілёўшчыне рэалізуецца маладзёжны грамадска-патрыятычны праект, прысвечаны Году гістарычнай памяці, ініцыятарамі якога сталі абласныя аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага фонда міру пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама с дэманстрацыяй літаратурна-пластычнай кампазіцыі, які атрымаў назву кнігі пісьменніка – «Песня роднай зямлі». Ідэю праекта ажыццявілі педагогі і навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, падрыхтавалі літаратурна-пластычны спектакль па матывах паэм паэта, старшыні Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Казекі «Медуніца» і «Марыйка».
Удзельнікі праекту пабывалі ўжо ў многіх раёнах вобласці. У канцы мінулага тыдня да ўдзелу ў праекце далучылася моладзь Клічаўшчыны. У раённым Доме культуры сабралася шмат гледачоў: і моладзь, і дарослыя. Перад пачаткам да іх звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Галіна Данілкіна. Яна адзначыла важнасць гэтага праекту, які праходзіць у Год гістарычнай памяці, яго вялікае выхаваўчае значэнне для падрастаючага пакалення. Затым гледачоў пазнаёмілі з зместам пастаноўкі, якая складаецца з дзвюх частак. Першая – аповед пра каханне Месяца і Вады, гармонію Сусвету. У другой частцы «Марыйка» распавядаецца пра тое, што адбываецца з людзьмі, калі яны губляюць свае духоўныя каштоўнасці.
Пастаноўка ў выкананні юных талентаў Магілёўшчыны не пакінула раўнадушнымі нікога. Паэмы з глыбокім антываенным сэнсам і выдатнае прафесійнае выкананне, цудоўнае валоданне роднай мовай выканаўцамі выклікалі моцны водгук у сэрцах гледачоў. Пасля прагляду яны ахвотна дзяліліся ураджаннямі ад убачанага на сцэне.
Дзіяна Лісава, вучаніца 8 класа:
– Мне спадабалася пастаноўка, выдатнае, прафесійнае выступленне юных акцёраў па-сапраўднаму ўразіла, вызвала шэраг самых розных эмоцый: ад радасці і захаплення да роспачы, страху. Столькі перажыванняў у адным спектаклі – гэта здорава!
Ала Пятроўская, настаўніца:
– Мне вельмі прыемна было сустрэцца з пісьменнікам-земляком. Яшчэ больш прыемна было ўбачыць пастаноўку па матывах яго твораў на сцэне нашага Дома культуры. Ураджана выступленнем юных акцёраў: кранулі да глыбіні, прымусілі моцна перажываць. Гэты праект нясе гістарычную праўду аб вайне, адкрывае ў сэрцах вышэйшыя чалавечыя якасці, выхоўвае пачуццё гордасці за свой народ, які не скарыўся перад ворагам, прымушае задумацца аб вялікай каштоўнасці міру на роднай зямлі.
Бажэна Максімовіч, навучэнка каледжа:
– Прыемна было слухаць радкі паэмы на роднай мове. Па-сапраўднаму ўразіла выступленне артыстаў, якія пастараліся данесці да гледачоў настрой паэм. Вельмі страшна было ў другой частцы пастаноўкі, калі ў вёску ўварваліся карнікі і ўчынілі расправу над мірнымі жыхарамі. Такое не павінна паўтарыцца ніколі!
С уважением,
Кличевская районная газета “Сцяг Саветаў”