А зоры тут ціхія…
— Каб хацеў выкрэсліць з памяці вайну, ды не атрымліваецца, — гаворыць Мікалай Аляксандравіч Новік з аграгарадка Стары Востраў. – Баліць яна да гэтага часу. Так і не загойваюцца раны…
Не алегарычны сэнс у словах былога пехацінца, інваліда ІІ групы Вялікай Айчыннай вайны. Да гэтага часу трывожаць асколкі, якімі быццам нашпігавана цела. Такую “памяць” на ўсё жыццё пакінулі аб сабе баі ва Усходняй Прусіі ў лютым 1945 года…
— Немец адчайна супраціўляўся. Вырылі супрацьтанкавыя рвы. І нашы б’юць з арудый, і фашысты, — згадвае Мікалай Аляксандравіч. – Аж жарка! Камандзіра роты раніла, я побач быў. Перавязаў, пасля санітарам здаў. Сам вяртаўся і напароўся на немцаў. Вось і дасталося… Бой кіпіць кругом, я ляжу, кроўю сцякаю. Мяне і іншых цяжка параненых пасля на конях адтуль вывозілі. Але, відаць, трэба было жыць. Бо цяжкая нямецкая артылерыя яшчэ і ў тыле даставала.
Доўгачаканы Дзень Перамогі Мікалай Новік сустрэў у шпіталі. А наперадзе ў 20-гадовага бязвусага салдата было цэлае жыццё. Цяпер Мікалай Аляксандравіч можа сказаць, што пражыў яго годна. Увесь час шчыраваў у мясцовай гаспадарцы. Выгадаваў дзве дачкі і два сыны. Цяпер самая малодшанькая ў іх родзе праўнучка Ганначка ўжо школьніца, жыве ў Кіеве.
Восень жыцця М. А. Новіка цёплая і сонечная. Сагрэта любоўю і клопатам розных людзей. Бо жыве ён у пашане з сям’ёй свайго сына Аляксандра Мікалаевіча, кадравага вайскоўца ў адстаўцы.
Мікалай Аляксандравіч зрабіў усё, што мог, каб над родным Востравам, дзе побач велічная Бярэзіна і неабсяжныя прасторы, зоры былі ціхія.
Н. ІЗОХ