Усё гэта было
Усе мужчыны з вёскі Бярозаўка былі партызанамі. Гарэлі жаданнем далучыцца да іх і мы, дзяўчаты. Мяне, Ганну нарадоўскую, Анастасію Ільінчык нашы хлопцы ў Бярозавым Балоце пазнаёмілі з камісарам Якавам Іванавічам Зайцам. З тае пары і пачалося наша партызанскае жыццё.
Я была сувязной і супрацоўнічала з камандзірам аддзялення разведкі Уладзімірам Купрэевічам Лызо. Хачу расказаць адзін эпізод. Камандзір 620-га атрада Міхаіл Міхалап пазнаёміў мяне з сям’ёй падпольшчыкаў Голубевых з Бабруйска. Самай складанай для мяне была задача дастаўляць партызанам медыкаменты. У той час у адной з аптэк працавала Ганна Мітрафанаўна Адамовіч, маці Алеся Адамовіча. Яна перадавала лекі Голубевым, а тыя прыносілі іх маёй маці Софіі Іосіфаўне. А я перапраўляла іх партызанам. Для гэтага ў мяне было некалькі спосабаў. Напрыклад, у мяне быў кошык з двайным дном. Зімой зашывала іх у світку або буркі. Партызаны змайстравалі сані з двума днішчамі, так я перавозіла не толькі медыкаменты, але і зброю, якую дабываў георгій Фёдаравіч Васеха. Аднойчы нямецкі патруль супыніў мяне і стаў правяраць дакументы. На вазу ляжала, захутаная ў коўдру, мая хворая цётка Вольга. Немец падумаў, што ў яе тыф, і хуценька адправіў нас. У той дзень мне пашчасціла даставіць партызанам зброю і лекі. Ездзіла ў Бабруйск і назад цераз Гуту, Назараўку, іншыя паселішчы, каб не вельмі “мазоліць” вочы паліцаям і немцам.
Многія загінулі на той вайне. Не дажылі да Перамогі падпольшчыкі Ксенія і Марыя Голубевы, геройскі загінуў іх 13-ці гадовы брат Міця. Вечная памяць ім і тысячам іншых партызан і мірных жыхароў, чыё жыццё абарвала вайна.
Ганна ТРЫЗНА,
партызанская сувязная,
жыхарка г. Бабруйска