Зорны след «Купалачкі»

Ужо меней за месяц засталося да новага, 2019 года. Самы час падводзіць вынікі. Якім быў для клічаўлян 2018 год – Год малой радзімы?
Першы наш рэспандэнт – узорны фальклорны ансамбль «Купалачка» ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Клічава».
Нас – больш за 40!
Творчая біяграфія «Купалачкі» налічвае ўжо 23 гады. Нязменны кіраўнік калектыву – Наталля Васільеўна КОКТЫШ. Сёння ў ансамблі займаюцца дзеці ва ўзросце ад 7 да 15 гадоў. Думаеце, гэта жменька малечы, якая так любіць фальклор?! Памыляецеся! Гэта грамада! Сёння ў «Купалачцы» ўжо больш за 40 дзяцей, якія выступаюць у трох саставах: малодшы – ва ўзросце ад 7-9 гадоў, сярэдні – 10-13, старэйшы – 13-15 гадоў. Агульнае – любоў да народнай песні, асабліва беларускага фальклору, у тым ліку песень, абрадаў, танцаў, гульняў.
Фальклорны тэатр – для самых маленькіх
З пачатку лістапада маленькія клічаўляне ўзростам усяго ад 3 да 6 гадкоў з ахвотаю наведваюць па вечарах, двойчы на тыдзень, заняткі ў фальклорным тэатры – падрыхтоўчай групе «Купалачкі». Чым займаюцца тут маленькія эстэты? На развіваючых занятках яны знаёмяцца з беларускімі дудкамі-свістулькамі, вучацца на іх іграць, па ролях ставяць міні-казкі з выкарыстаннем беларускіх лялек, гуляюць у беларускія гульні, спяваюць фальклорныя песні, ды ў рэшце рэшт – танчаць, тую ж польку беларускую! Аказваецца, спадчына – гэта цікава, цудоўна, захапляльна, гэта – сваё, роднае!
Ад «Залатой пчолкі» ў Клімавічах да «Творчасці юных» у Анапе
Для творчасці межаў няма! А множыць творчыя здабыткі для «Купалачкі» – добрая традыцыя. Калектыў — пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў. Сёлетні год – не выключэнне. Так, з 31 мая па 3 чэрвеня «Купалачка» ўдзель-нічала ў XVII Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» ў Клімавічах, дзе выступалі больш за 600 удзельнікаў з пяці краін. У жанры «Вакальныя спевы» конкурснай праграмы фестывалю салісткі «Купалачкі» Вікторыя Баранава і Дар’я Лазько сталі пераможцамі – лаўрэатамі II і III ступеняў (адпаведна).
Па запрашэнні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь старэйшая група «Купалачкі» ў канцы жніўня прыняла ўдзел у фестывалі Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі «Творчасць юных», які праходзіў у Анапе. Адзначым, што папярэдне калектыў прайшоў рэспубліканскі кастынг і атрымаў за-прашэнне на фестываль як адзін з лепшых дзіцячых калектываў краіны.
Юныя таленты Клічаўшчыны ўдзельнічалі ў незабыўных цырымоніях адкрыцця і закрыцця фестывалю, тэматычных мерапрыемствах, віктарынах. За 7 дзён у Анапе яны выступілі ў пяці канцэртных праграмах, што праходзілі ў дзіцячых здраўніцах курорта, а яшчэ правялі паказальныя майстар-класы для расійскіх «калег». Яны прадставілі беларускія песні, абрады, побытавыя танцы, гульні, зрабілі пастаноўку народнай казкі і г.д. Дадому «Купалачка» вярнулася з узнагародамі – дыпломамі «За ўдзел у майстар-класах «Саюзная дзяржава – маладым талентам XXI стагоддзя» і «За захаванне і папулярызацыю традыцый народнай творчасці». А кожны яе ўдзельнік – яшчэ і з безліччу ўражанняў ад адпачынку на моры.
Адразу чатыры дыпломы «Праменя»!
У лістападзе «Купалачка» ўзяла адразу чатыры дыпломы адкрытага міжнароднага фальклорнага фестывалю-конкурсу «Прамень»!
У гэтым культурным форуме прымалі ўдзел як аматарскія, так і прафесійныя калектывы, а таксама індывідуальныя выканаўцы з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія прадставілі кампазіцыі традыцыйнага фальклору, а таксама аўтарскія творы ў фальклорнай стылістыцы. Узрост удзельнікаў фестывалю – ад 3 да 45 гадоў.
«Купалачка» выступіла на «Прамені» поўным саставам. Кожная яго ўзроставая група прадставіла на суд журы асобную праграму.
Малодшы састаў «Купалачкі» (у ім 22 чалавекі) выступаў на такім вялікім конкурсе ўпершыню, але – з поспехам! На суд журы, у якое ўваходзілі вядомыя артысты, педагогі творчых дысцыплін, рэжысёры, кіраўнікі калектываў, дзеячы культуры і мастацтваў, нашы маленькія артысты прадставілі пазаабрадавую фальклорную песню ў апрацоўцы «Сею, вею, пасяваю». Іх узнагарода важкая – дыплом I ступені!
Сярэдні састаў калектыву за выкананне вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі «Вясковае гулянне» адзначаны дыпломам ІІІ ступені.
У старэйшым саставе «Купалачкі» на гэты раз выступалі 8 дзяўчат, якія займаюцца ў калектыве ўжо па 6-9 гадоў, «выраслі» на сцэне, выхаваны на любові да беларускага фальклору. Іх «Купальская песня» і «Вянок побытавых танцаў» атрымаў высокую ацэнку журы. Старэйшы састаў «Купалачкі» стаў пераможцам фестывалю – лаўрэатам I ступені!
Званне лаўрэата II ступені фестывалю заваявала і салістка-вакалістка калектыву Дар’я Лазько, якая выканала стылізаваную беларускую песню.
Кіраўнік «Купалачкі» Наталля Коктыш і харэограф Жанна Маісеенка ўзнагароджаны Падзячнымі пісьмамі за падрыхтоўку лаўрэатаў і дыпламантаў фестывалю-конкурсу.
«Удзел у такім выдатным фестывалі – гэта ўжо вялікае дасягненне, – каменціруе Наталля Коктыш. – Вядома, усе дзеці вельмі задаволеныя выступленнем. Цудоўна, што дзякуючы такім мерапрыемствам яны могуць дэманстраваць свой талент шырокай аўдыторыі, развівацца і ўдасканальваць свае здольнасці. Будзем працаваць! Будзем знаёміцца, прапагандаваць, любіць спадчыну свайго народа. Яна – аснова нашай будучыні».
Ніна ІЗОХ.