Матуліна шчасце
Шчасце…У кожнага яно сваё: у каханні, дзецях, здароў’і і міры, багацці, падарожжах. Аб гэтым можна доўга разважаць. У Ларысы Васільеўны КУДЗІН – у сям’і і прафесіі. І ўсё ў яе жыцці – аднойчы і назаўжды.
Яшчэ ў 1990 годзе, а гэта быў час СССР, яна прыехала па размеркаванні Шацкага ляснога тэхнікума (Украіна) ў Ганчанскае лясніцтва Клічаўскага лясгаса, дзе была прызначана на пасаду памочніка ляснічага. Так і стала тут сваёй, пусціла карані на Клічаўскай зямлі. Увішная, душэўная дзяўчына знайшла ў пасёлку Ганчанскі і сваё асабістае шчасце. І вось ужо 33 гады ў міры і згодзе крочыць разам па жыцці са сваім Сяргеем Іванавічам Кудзін. Іх жыццёвы набытак – моцная і дружная сям’я. Разам яны нарадзілі і ўзгадавалі пяцёра дзяцей. За свой мацярынскі подзвіг Ларыса Васільеўна Кудзін у 2000 годзе ўзнагароджана ордэнам Маці.
І няма большага шчасця для матулі, калі злятаюцца ў бацькоўскую хату з розных куточкаў Беларусі іх дзеці і сямёра ўнучанят, меньшаму з якіх паўгода, а старэйшы – першакласнік. Колькі тады радасці, жартаў і дабрыні! Адно – родныя дзеці, ім яе любоў, клопат, ласка і пяшчота, і, вядома ж, ласункі-пачастункі, на якія вельмі здатная маці і бабуля.
Бацькі ганарацца сваімі дзецьмі, а ў вялікай сям’і і вялікая радасць.
«Мы зараз клічаўляне, а так усё жыццё пражылі ў Ганчанскім, а гэта ж вёска, сялянская жыццё, апрацоўвалі зямлю, трымалі гаспадарку. Дзеці раслі ў еднасці з прыродай, змалку былі прывучаны да лесу. Ды і як побач з ім жыць, ды не любіць збіраць грыбы, ягады, гэта ж і падспор’е для сям’і, – расказвае Ларыса Васільеўна. – Нашы хлопцы з дзяцінства зведалі працу, на ўсе рукі майстры, умеюць і касіць, і араць, і, як падабае мужчынам, «цвік забіць». Затым усе вучыліся, вышэйшую адукацыю маюць чацвёра з нашых пяці дзяцей».
У гэтай сям’і толькі адзін, меньшы сын Аляксандр, абраў сваім лёсам абараняць Айчыну, скончыў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, кадравы ваенны. Астатнія дзеці – работнікі лясной гаспадаркі! Вось такая сямейная дынастыя работнікаў лесу Кудзін. Ларыса Васільеўна працуе майстрам лесу. За добрасумленную працу заахвочвалася і кіраўніцтвам Магілёўскага ДВЛГА, і Клічаўскага лясгаса, у 2022 годзе ўзнагароджана нагрудным знакам адрознення Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь «30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь». Усё жыццё лесаводам у тым жа Ганчанскім лясніцтве шчыруе яе муж Сяргей Іванавіч. Старэйшы іх сын Віталь, хоць па адукацыі юрыст, працуе зараз вадзіцелем МАЗа на лесапункце, кажа, што даўняя любоў да тэхнікі ўсё ж перамагла. Дзмітрый – ляснічы аднаго з лясніцтваў Бялыніцкага лясгаса. На днях парадаваў бацьку і маці: абараніў дыплом у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, стаў эканамістам, а да гэтага скончыў і каледж, і Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Трэці сын, Сяргей, – рабочы лясной галіны ў Быхаве. Дачка Наталля – эканаміст, працуе ў Клічаўскім лясгасе.
– Я магу назваць сябе шчаслівай, – гаворыць Ларыса Васільеўна. – Удзячная лёсу за ўсё, што сталася. Ёсць сям’я, добрыя дзеці, падрастаюць унукі. Ёсць любімая справа, прызванне праз жыццё. Беларусь даўно стала маёй другой Радзімай. Напярэдадні 8 Сакавіка я жадаю ўсім жанчынам толькі шчасця іміру».
Тэкст і фота: Ніна ІЗОХ.