Вечна жывучая і непакорная ты, беларуская наша Зямля!
Дзень Незалежнасці — адно з найбольш важных нацыянальных свят. У нашай краіны яно атаясамляецца з вызваленнем ад нямецка-фашысцкай акупацыі і займае асаблівае месца сярод маральных каштоўнасцей беларусаў.
Мы назаўсёды застанемся ўдзячныя тым, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць Айчыны. I ніколі не забудзем, як здабыта выратаванне ад запланаванага захопнікамі духоўнага і фізічнага знішчэння беларусаў.
Абавязак кожнага з нас — захоўваць здабытую ў баях свабоду, рабіць наш край багатым і квітнеючым. Моцная Беларусь – найлепшы помнік усім ахвярам вайны і тым, хто са зброяй у руках цаной свайго жыцця вызваляў краіну ад фашызму.
У гарадскім парку пад велічныя гукі Дзяржаўнага гімна пачаўся ўрачысты мітынг з нагоды Дня Незалежнасці. Як заўсёды, яго пачэснымі гасцямі былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы. Гэта ў іх гонар выказаны шчырыя словы падзякі і дадзены абяцанні быць годнымі славы бацькоў.
З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся: Ф. В. Вашчыла, старшыня райвыканкама, У. В Кніга, старшыня раённага Савета дэпутатаў, Т. В. Белабародая, дырэктар СШ № 2, старшыня раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь”, Ю. І. Комар, сакратар ГА БРСМ.
Ужо другі раз у Дзень Незалежнасці адбываецца цырымонія прысваення звання “Ганаровы грамадзянін раёна”. Сёлета яго ўдастоены Я. А. Дзямчук, начальнік ААТ “ПМК-89 Водбуд”.
Ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны ветэраны працы М. В. Бацура, З. І. Мельнікава, дырэктар філіяла “Ганчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа”, К. Л. Малішэўская, дырэктар філіяла “Усохская базавая школа”, І. Б. Хадановіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, В. М. Лёпа, дырэктар Максімавіцкай сярэдняй школы.
Самадзейныя артысты стварылі святочны настрой і шчодра адорвалі публіку сваімі талентамі. На дарожках парка разгарнулася выстава работ фотааматараў “Клічаўшчына – мой лёс”. Клічаўляне з задавальненнем наведвалі “Горад майстроў ” і ахвотна куплялі вырабы мясцовых майстроў. Знайшлі сваіх прыхільнікаў майстар-класы “Варвара краса – доўгая каса” і “Бодзі-арт”. Было весела і шматлюдна на дзіцячай і спартыўнай пляцоўках.
Як толькі завечарэла, клічаўляне зноў пацягнуліся ў парк, каб паглядзець канцэрт і прыняць удзел у штогадовай акцыі “Спяём гімн разам”, пасля чаго мірнае неба над горадам расквецілася рознакаляровымі сполахамі святочнага салюту.
Аліна СУДНІК.